На навагоднім свяце на швейцарскім курорце прагрымеў выбух
Выбух на курорце Кран-Мантана / BILD
У навагоднюю ноч на гарналыжным курорце Кран-Мантана прагрымеў выбух "невядомага паходжання". Ёсць загінулыя, некалькі чалавек атрымалі вельмі цяжкія апёкі і траўмы. Пра гэта спасылкай на швейцарскую паліцыю піша выданне Bild.
Падчас святкавання Новага года ў бары Le Constellation каля 1:30 успыхнуў пажар. Бар размяшчаецца ў падвальным памяшканні. Магчымай прычынай пажару называюць піратэхніку канцэрту.
Пад кантроль пажар удалося ўзяць пад раніцу. У буйной аперацыі былі задзейнічаныя ратавальныя службы, некалькі машын хуткай дапамогі, а таксама верталёты. Дакладная колькасць ахвяр пакуль невядомая. Паводле звестак швейцарскіх СМІ, маглі загінуць некалькі дзясяткаў чалавек. Адна з ананімных крыніц кажа прыкладна пра сорак ахвяр. Паводле звестак паліцыі, у момант выбуху ў падвале было больш за сто чалавек.
Кран-Мантана — фешэнэбельны курорт, куды прыязджае мноства вядомых гасцей. У святочныя дні курорт звычайна цалкам запоўнены: на прыкладна 10 000 жыхароў прыпадае каля 2600 гатэльных месцаў.