Палата прадстаўнікоў не падтрымала Мінфін у "падатку на багацце"
Грошы, ілюстрацыйнае фота / Onliner
Падаходны падатак для заможных беларусаў павысяць менш, чым планавалася раней. Дэпутаты Палаты прадстаўнікоў не падтрымалі прапанову Мінфіна ўзняць яго да 40%.
У тэксце Падатковага кодэкса на 2026 год, які сёння ў другім чытанні прыняла Палата прадстаўнікоў, гаворыцца, што "падатак на багацце" будзе складаць 30%. Яго будуць ужываць, калі гадавыя даходы падаткаплатніка перавысяць 600 тысяч рублёў.
У праекце, які прапаноўваў урад, быў прапісаны рост падаходнага падатку для заможных да 40%.
Падатковыя рэзідэнты Беларусі з даходамі ад 350 да 600 тысяч рублёў будуць плаціць 25% падаходнага падатку. А для тых, чые гадавыя даходы не перавышаюць 350 тысяч рублёў (гэта, на жаль, пераважная большасць жыхароў краіны), падатак застанецца роўным 13%.