Падаткі павышаць небяспечна, дабяруць штрафамі — асаблівасць бюджэту-2026
Бізнес задыхаецца, а беларусы пакуль не / pixabay.com
У 2026 годзе ўлады разлічваюць зарабіць на штрафах 310,3 мільёна рублёў — амаль на чвэрць больш, чым у 2025-м. Такая норма закладзеная ў бюджэт Беларусі на будучы год.
Чаму дзяржава вырашыла пайсці гэтым шляхам? На гэтае пытанне ў эфіры Еўрарадыё адказала магістарка эканомікі Аліса Рыжычэнка.
— Эканамічная сітуацыя ў Беларусі цяпер выглядае даволі абсурдна: папаўняць бюджэт няма з чаго. Улады фактычна выбіраюць паміж двума варыянтамі — павышаць падаткі або павялічваць колькасць збіраемых штрафаў. І, відаць, стаўка зробленая менавіта на другое, — лічыць экспертка.
— Бясконца павышаць падаткі ўлады таксама не могуць. Падатковы кодэкс ужо перапісвалі некалькі разоў, павялічваючы зборы для самазанятых і ўладальнікаў аграсядзіб. Але бізнес і без таго задыхаецца: даходы падаюць, прыбытковасць набліжаецца да нуля.
Абмежаванне цэн, уведзенае ўрадам, канчаткова скажае рынкавыя механізмы. Калі дзяржава штучна рэгулюе цэны, яна перашкаджае натуральнаму балансу попыту і прапановы.
Людзі менш купляюць, бізнес зарабляе менш, падаткі з прыбытку змяншаюцца. У выніку бюджэт губляе даходы, а прадпрымальнікі пазбаўляюцца стымулаў да развіцця, — нагадвае Рыжычэнка.
— Каб пакрыць дэфіцыт бюджэту, улады вымушаныя шукаць новыя крыніцы паступленняў. Адна з іх — масавае павышэнне планаў па штрафах. Гэта, па сутнасці, замена падаткаабкладання: папаўненне казны за кошт пакаранняў.
Але ўсё гэта выглядае як замкнёнае кола. Беларусы даўно прызвычаіліся да таго, што ў іхняй краіне можна аказацца вінаватым без віны. Любы праверка бізнесу заканчваецца "парушэннямі" — статыстыка саміх падатковых органаў паказвае, што вінаватымі прызнаюцца 99% прадпрымальнікаў, — адзначае экспертка.