Брастаўчаніна аштрафавалі за правядзенне экскурсій
Брэсцкая крэпасць / pixabay.com
Жыхара Брэста аштрафавалі за правядзенне экскурсіі.
13 лістапада брастаўчанін праводзіў экскурсію на тэрыторыі Заходняга форта Брэсцкай крэпасці — гэтая тэрыторыя не належыць да мемарыяльнага комплексу "Брэсцкая крэпасць-герой". На яго няшчасце сярод удзельнікаў экскурсіі быў супрацоўнік падатковай інспекцыі, які прыйшоў, каб зрабіць "кантрольную закупку".
За экскурсію жыхар Брэста атрымаў 1000 расійскіх і 150 беларускіх рублёў. Пасля гэтага падаткавік высветліў, што мужчына не зарэгістраваны індывідуальным прадпрымальнікам. 50 рублёў з атрыманай сумы былі вернутыя супрацоўніку падатковай.
Справу экскурсавода разглядаў эканамічны суд Брэсцкай вобласці. Выявілася, што аналагічныя экскурсіі брастаўчанін праводзіў 9 і 10 лістапада і атрымаў за іх 360 рублёў. За ажыццяўленне прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі і незаконнае прыняцце валюты суд прызначыў яму два штрафы па 630 рублёў. Таксама яму давялося вярнуць атрыманыя за экскурсію 1000 расійскіх рублёў (37,42 беларускіх рубля).