У Беларусі хочуць перагледзець абкладанне падаткамі падарункаў і пераводаў

Падарунак, ілюстрацыйнае фота

Падарунак, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Міністэрства па падатках і зборах прапануе перагледзець падыход да падарункаў, атрыманых не ад блізкіх сваякоў. Чыноўнікі прапануцю вызваліць ад падаходнага падатка падарункі да 6000 рублёў у суме ад усіх крыніц у Беларусі.

Цяпер падатковы кодэкс дазваляе падаткаплатніку не плаціць падаходны падатак, калі на працягу года ён атрымаў падарункі на агульную суму 11 516 рублёў ад усіх крыніц.

У Падатковы кодэкс прапануюць дадаць і яшчэ адзін пункт. Згодна з ім, падаткам будуць абкладацца пераводы з-за мяжы, калі іх памер у суме перавышае 6000 рублёў. Як і ў выпадку з падарункамі, гаворка ідзе пра пераводы ад фізічных асоб, якія не стаяць з падаткаплатнікам у адносінах блізкага сваяцтва, апекуна, папячыцеля і падапечнага.

Ад падаткаў не будуць вызваляцца сродкі з-за мяжы, пераведзеныя ў рамках прадпрымальніцкай дзейнасці, забароненай дзейнасці, відаў дзейнасці, у дачыненні да якіх дзейнічаюць асаблівыя рэжымы падаткаабкладання, у выглядзе ўзнагароджання за выкананне працоўных абавязкаў, выкананыя работы, аказаныя паслугі, даходаў ад маёмасці, аб'ектаў інтэлектуальнай уласнасці, продажу каштоўных папер, токенаў, выйгрышаў, прызоў, падарункаў, дывідэндаў, працэнтаў, даходаў, атрыманых ад здачы ў арэнду ці іншага выкарыстання маёмасці.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.