Падаткавікі сочаць за беларусамі з дапамогай дронаў
Беспілотнік, ілюстрацыйнае фота / nitprocomposites.com
Для пошуку людзей, якія спрабуюць схаваць свае даходы ад падаткаў, у Беларусі выкарыстоўваюцца дроны, заявілі ў Міністэрстве падаткаў і збораў (МПЗ). Як мінімум аднаго чалавека, злоўленага з дапамогай беспілотніка, ужо асудзілі.
У МПЗ пералічылі парушэнні, якія атрымалася выявіць з дапамогай такога сачэння: "З выкарыстаннем БПЛА выяўленыя факты аказання "за высокім плотам" паслуг па тэхнічным абслугоўванні і рамонце аўтамабіляў, ажыццяўлення рознічнага гандлю на "стыхійных" рынках, аказання паслуг па перавозцы пасажыраў фізічнымі асобамі без дзяржаўнай рэгістрацыі".
У прыватнасці, з дапамогай дрона падаткавікі выявілі, як індывідуальная прадпрымальніца выкарыстала чатырох чалавек для продажу садавіны, але не афармляла іх працу афіцыйна. Жанчыну судзілі па адміністрацыйнай справе і аштрафавалі.