Затрымалі кіраўніцтва кампаніі, якая распрацавала АРІП — "Наша Ніва"

Уладзімір Сіротка

Уладзімір Сіротка / softclub.by

Стала вядома пра затрыманні ў буйной ІТ-кампаніі SoftClub.

Як стала вядома "Нашай Ніве", на мінулым тыдні шэраг топ-менеджараў "знік", як і яе заснавальнік Уладзімір Сіротка. Супрацоўнікам кампаніі кажуць, што начальства масава пайшло на бальнічныя.

Кампанія спецыялізуецца пераважна на праграмным забеспячэнні для банкаў і фінансавых сэрвісаў. Яна заснаваная ў 1993 годзе і з'яўляецца адным з беларускіх ІТ-гігантаў. У ТАА "Софтклуб" і ТАА "Софтклуб цэнтра распрацоўкі" па стане на 2025 год разам працуюць 622 чалавекі. Па ўсім свеце, як казаў Уладзімір Сіротка, на кампанію працуе 1000 работнікаў. Выручка дзвюх кампаній па выніках 2024 года склала 105,4 мільёна рублёў.

Самая знакамітая іх распрацоўка — АІС "Разлік" (АРІП), праз якую фізічныя і юрыдычныя асобы могуць рабіць аплаты і выстаўляць рахункі.

Таксама апошнія гады SoftClub заснаваў біржу крыптавалют Bynex.

Паводле звестак "Нашай Нівы", прэтэнзіі да кіраўніцтва кампаніі звязаныя з падатковымі пытаннямі і барацьбой з вывадам капіталу. Напрыканцы 2024 года ў абедзвюх кампаній змяніўся ўласнік: іх мажарытарным акцыянерам стала казахская холдынгавая кампанія "Эссігруп кз лтд", на карысць якой выплачваліся дывідэнды.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.