Двух братоў аштрафавалі за гандаль месцамі ў чарзе на мяжы
Аўтамабільная чарга, ілюстрацыйнае фота / 15min.lt
Эканамічны суд Брэсцкай вобласці за гандаль месцамі ў чарзе на мяжы аштрафаваў двух мясцовых жыхароў — братоў.
Мужчынаў прызналі вінаватымі ў прадпрымальніцкай дзейнасці без дзяржаўнай рэгістрацыі. Ім прысудзілі штраф у 3360 рублёў (80 базавых велічыняў) і канфіскавалі 15% прыбытку ад гандлю, паведамляе прэс-служба Міністэрства па падатках і зборах.
Схема двух братоў была такая: яны падсаджвалі ў аўтамабіль пакупніка людзей з катэгорый, якія маюць ільготныя падставы для паскоранага перасячэння мяжы. Частку грошай атрымліваў сам "ільготнік", астатняе забіралі арганізатары схемы.
Злавілі махінатараў падчас "кантрольнай закупкі". Падаткавікі кажуць, што ім удалося даказаць не менш як 40 выпадкаў такіх аплачаных падсадак.