Санкцыі банка PKO закрануць толькі новых кліентаў

Банк PKO, ілюстрацыйнае фота

Банк PKO, ілюстрацыйнае фота / Shutterstock

Буйны польскі банк папярэдзіў, што будзе закрываць рахункі грамадзянаў Беларусі без польскіх відаў на жыхарства. Але мы даведаліся: большасці беларускіх кліентаў PKO Bank Polski хвалявацца няма пра што.

Як сказалі журналісту Еўрарадыё ў банку, сённяшняя рассылка непрыемных паведамленняў звязаная з санкцыямі, уведзенымі Еўрасаюзам у сярэдзіне кастрычніка. Уведзеныя абмежаванні будуць тычыцца толькі новых кліентаў, якія адкрылі рахункі 24 кастрычніка 2025 года і пазней.

Супрацоўніца банка расказала, што сама не да канца разумее, як працуюць новыя санкцыі. Але з таго, што ёй і іншаму персаналу даводзілі ў аддзяленні, яна зразумела: тых, хто адкрыў рахункі да 24 кастрычніка, абмежаванні не закрануць.

У сераду, 3 снежня, банк PKO папярэдзіў некаторых беларусаў, што іх рахункі могуць заблакаваць, калі яны не пададуць дзейныя віды на жыхарства ў Польшчы. Пагражаюць адключэннем інтэрнэт-банкінгу, хуткіх пераводаў і блакаваннем картак.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.