Найбуйнейшы польскі банк пагражае блакаваць карты беларусам без ВНЖ
Банк PKO, ілюстрацыйнае фота / Shutterstock
Польскі Bank PKO пачаў рассылаць беларусам паведамленні, што аперацыі па рахунку могуць быць заблакаваныя, калі ўладальнікі не пададуць дзейныя ВНЖ.
У паведамленні прапануецца кліентам з'явіцца ў аддзяленне і пацвердзіць свае асабістыя звесткі. Для гэтага ад іх патрабуюць ВНЖ ці іншыя дакументы, якія даюць права на знаходжанне ў Польшчы.
Пры адсутнасці такога пацвярджэння банк рыхтуе наступныя меры:
— страта доступу да мабільнага і інтэрнэт-банкінгу, тэлефоннага сэрвісу;
— немагчымасці здзяйсняць пераводы і аплату праз сістэму імгненных плацяжоў BLIK;
— блакаванне карткі.
Пры гэтым гаворыцца, што кліент зможа абслугоўваць рахунак толькі ў аддзяленнях банка.
Журналіст выдання MOST затэлефанаваў на інфалінію банка як кліент. Там пацвердзілі сапраўднасць папярэджання. Кансультантка спаслалася на пастанову Савета ЕС ад 23 кастрычніка 2025 года, якая ўводзіць санкцыі ў сувязі з сітуацыяй у Беларусі і ўдзелам Беларусі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны.
У банку патлумачылі, што прымаюць пашпарт (або dowód osobisty) Польшчы ці іншых краін ЕС і Еўрапейскай эканамічнай зоны (верагодна, таксама Швейцарыі); альбо сапраўдны часовы ці пастаянны ВНЖ (карта пабыту). Іншых дакументаў, паводле словаў кансультанткі, у спісе няма.
Кліентам з часовым пасведчаннем асобы замежніка (TZTC, яно выдаецца ў перыяд чакання міжнароднай абароны) варта звярнуцца ў аддзяленне банка, каб вырашыць праблему. Кансультантка дадала, што ў інструкцыі нічога не гаворыцца пра тых, хто падаў дакументы на ВНЖ, але яшчэ не атрымаў рашэння.