Што будзе з Беларуссю, калі Расія спыніць пастаўкі нафты і газу?

iSANS правёў комплексны аналіз наступстваў

iSANS правёў комплексны аналіз наступстваў / pixabay.com

Што будзе з беларускай эканомікай і энергасістэмай, калі Расія спыніць пастаўкі энергарэсурсаў? Беларусь больш чым на 80 % залежыць ад іх. iSANS прааналізаваў такі сцэнар і прыйшоў да высновы, што беларуская энергасістэма працягне працу.

Расійскі газ Беларусь можа замяніць еўрапейскім. У ЕС ёсць магутнасці па прыёме звадкаванага прыроднага газу. Першы час без паставак наша краіна зможа пратрымацца на ўласных запасах з падземных сховішчаў. Святло і цяпло не знікнуць, пакуль будуць наладжвацца альтэрнатыўныя маршруты.

Аднак лёгка не будзе. Пры пераходзе на еўрапейскі газ адбудзецца цэнавы скачок — тарыфы для спажыўцоў вырастуць у 3,3 разы: з цяперашніх 153 долараў за тысячу кубаметраў да 504 долараў.

Спроба ўтрымаць цяперашнія тарыфы запатрабуе каля 5 мільярдаў долараў штогод.

Пры гэтым тарыфы на электраэнергію вырастуць прыкладна на траціну — з 0,099 да 0,132 долара за кВт·г.

З цяплом сітуацыя будзе складаней: кошт гігакалорыі павялічыцца з 44,6 да 101,4 долара — амаль у 2,3 разы.

Цяпер беларусы аплачваюць каля 20 % рэальнага кошту цяпла, калі верыць афіцыйным даным. Калі тарыфы не змяняць, дзяржаве давядзецца пакрываць ужо 91 % усіх выдаткаў. Выхад на поўную акупнасць запатрабуе павелічэння тарыфаў у 10–13 разоў.

Беларусь не застанецца і без нафты. У нас ёсць уласная здабыча, сваіх рэсурсаў хопіць для забеспячэння чвэрці ўсяго ўнутранага спажывання нафтапрадуктаў. Астатняя частка можа пастаўляцца з Польшчы і Літвы.

Бензін і дызель падаражэюць на 2,5–7 %. Аднак страты ад скарачэння экспарту нафтапрадуктаў, якія вырабляюцца з расійскай нафты, могуць скласці прыкладна 4 мільярды долараў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.