Песні нявесткі Лукашэнкі рэкамендуюць круціць на школьных выпускных

Ганна Сялук (Лукашэнка)

Ганна Сялук (Лукашэнка) / БЕЛТА

Міністэрства адукацыі склала спіс песень, якія рэкамендуецца ставіць на школьных выпускных вечарах. У спісе ёсць як мінімум тры кампазіцыі, напісаныя Ганнай Сялук — нявесткай Лукашэнкі. На гэта звярнула ўвагу "Наша Ніва".

Спіс апублікавала гродзенская прыхільніца "рускага свету" Вольга Бондарава. Яна абурылася наяўнасцю ў спісе кампазіцый блогераў Дзім Дзімыча і Кабякова, супраць якіх яна даўно выступае. Таксама Бондаравай не спадабалася, што ў спісе ёсць кампазіцыі некаторых расійскіх артыстаў, накшталі Дзімы Білана і Кіркорава — іх яна вінаваціць у прапагандзе "няправільных каштоўнасцей".

Журналісты НН звярнулі ўвагу, што ў спісе ёсць песні Ганны Благавай — міліцыянткі і былой жонкі экс-палітзняволенага Сяргея Гуня. Благава актыўна супрацоўнічае з Ганнай Лукашэнка (Сялук), жонкай Дзмітрыя Лукашэнкі. Ужо некалькі гадоў запар яны разам атрымліваюць узнагароды на конкурсе "Песня года". У спіс для выпускных трапіла песня Благавай на тэкст Ганны Сялук "В сюжете имени меня".

Таксама Мінадукацыі рэкамендуе ставіць для выпускнікоў кампазіцыі "Зроблена ў Беларусі" Аляксандры Мелех і "Што ты зрабіў для Радзімы?" — тэксты гэтых песень таксама напісана Ганна Сялук.

Акрамя таго, міністэрства строга рэкамендуе арганізатарам выпускных "насыціць пачатак музычнай праграмы творамі патрыятычнай накіраванасці". Песні беларускіх выканаўцаў прапануюць размяркоўваць у праграме раўнамерна.

У дадатак да спісу рэкамендаваных кампазіцый ведамства склала і "чорны спіс". У яго ўвайшлі 87 гуртоў і артыстаў, творчасць якіх на выпускных непажаданая. Пад забарону трапілі браты Валерый і Канстанцін Меладзэ, Вера Брэжнева, Верка Сярдзючка, "Бі-2", "Animal ДжаZ", "#2маши", "Нервы" ды іншыя.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.