"Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі" рыхтуе беларусаў да вайны

Лукашэнка і Пуцін

Лукашэнка і Пуцін / ТАСС

— Так, свет сапраўды не з’яўляецца цалкам бяспечным месцам. Але той алармізм, які пранізвае гэтыя дакументы, — гэта ўжо іншае. Гэта спроба стварыць атмасферу, у якой вайна выглядае натуральным, амаль непазбежным станам, — лічыць экспертка па міжнароднай палітыцы Роза Турарбекава. — Калі чытаеш гэты дакумент, ствараецца ўражанне, што на "саюзную дзяржаву" ужо нехта нападае, што ўвесь свет — суцэльная небяспека і за кожным вуглом нехта гатовы нашкодзіць.

Экспертка ў эфіры Еўрарадыё распавяла пра "Канцэпцыю нацыянальнай бяспекі Саюзнай дзяржавы", якую падпісаў Аляксандр Лукашэнка. У дакуменце яна ўбачыла рэчы, якія навялі яе на трывожныя думкі пра будучыню Беларусі.

— Дакумент распрацоўваўся ўжо пасля таго, як Расія сама здзейсніла агрэсіўнае ўварванне ва Украіну. Але калі чытаеш тэкст, можна падумаць, што яны нібыта апісваюць не сябе, а кагосьці іншага.

Па-першае, відавочна, што цяпер яны надаюць велізарную ўвагу "ваенна-патрыятычнаму выхаванню моладзі". І не толькі ў школах — у дакуменце нават прапісаныя мерапрыемствы для дзіцячых садкоў. Гэта ўжо паказчык.

З аднаго боку, дакумент пусты па зместу. З іншага — гэта праграмны тэкст, накіраваны на канкрэтную мэту: рыхтаваць грамадства да канфлікту, да вайны. Усе гэтыя канцэпцыі нацыянальнай і "саюзнай" бяспекі пранізаны думкай пра тое, што небяспека паўсюль, што свет варожы і што трэба знаходзіцца ў пастаяннай баявой гатоўнасці, — сцвярджае Роза Турарбекава.

Яна апісвае, як адбываецца працэс раскручвання эскалацыі ў рэгіёне, які вядзе да замыкання заганнага круга.

У дакуменце "Канцэпцыя нацыянальнай бяспекі Саюзнай дзяржавы" яна бачыць механізмы паступовай страты Беларуссю суверэнітэту.

— Мяне цікавіць гэты дакумент не ў канцэптуальным плане — новага там мала, — а ў тым, як ён адлюстроўвае далейшае развіццё Саюзнай дзяржавы. Відавочна, інтэграцыя будзе працягвацца. Раней многія сцвярджалі, што ўсё гэта пустыя размовы, што Саюзная дзяржава — чарговы фармальны праект. Але цяпер ужо ясна: гэта не СНД. Гэта механізм паступовай страты Беларуссю суверэнітэту — па частках, па сферах. І важна маніторыць гэтыя сферы.

Роза Турарбекава аналізуе вайсковае супрацоўніцтва Расіі і Беларусі і сцвярджае, што Расія глыбей уваходзіць у беларускую эканоміку.

— Калі казаць пра вайскова-прамысловую кааперацыю, то менавіта тут інтэграцыя ідзе найбольш глыбока. Ёсць шматлікія праекты ў авіябудаванні: беларускія прадпрыемствы і канструктарскія бюро ўжо фактычна ўбудаваныя ў расійскія структуры, такія як Аб’яднаная авіябудаўнічая карпарацыя. Гэта цалкам дзяржаўны праект, накіраваны на імпартазамяшчэнне перш за ўсё ў ваеннай сферы. У планах — вытворчасць дэталяў і кампанентаў, распрацоўка новых узораў тэхнікі. Некаторыя сумесныя прадукты могуць з’явіцца ўжо ў 2026–2030 гадах. Гэта не рынкавае супрацоўніцтва — гэта кіраваная дзяржавамі інтэграцыя пад канкрэтныя ваенна-палітычныя задачы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.