Спроба Еўропы пазбегнуць эскалацыі з Расіяй прывядзе да катастрофы. Меркаванне

Украінскі паліттэхнолаг Міхаіл Шэйтэльман разважае пра мяккасць Еўропы і да чаго яна прывядзе

Украінскі паліттэхнолаг Міхаіл Шэйтэльман разважае пра мяккасць Еўропы і да чаго яна прывядзе / NATO

— Мы бачым, што краіны НАТА ўсё яшчэ спадзяюцца ўміротварыць агрэсара — логіка, знаёмая яшчэ з часоў Другой сусветнай. Менавіта спробы пазбегнуць эскалацыі тады і прывялі да катастрофы. Цяпер гэтая стратэгія выглядае абсурдам, калі відавочна, што Расія разам з Беларуссю рыхтуецца да вайны супраць НАТА, — сцвярджае паліттэхнолаг і пісьменнік Міхаіл Шэйтэльман. — І гэтая вайна пачнецца, калі агрэсара не спыняць іншымі спосабамі загадзя. Сёння гэта зонды і беспілотнікі, заўтра — расійскія войскі могуць зайсці ў Літву.

Ён звяртае ўвагу на розніцу падыходаў у рэагаванні на пагрозу. Калі Украіна адразу дае адпор, то краіны НАТА — не, не жадаючы ісці на эскалацыю.

— Звярніце ўвагу: Літва не адказвае. Яна магла б нанесці авіяўдар па Беларусі — у яе ёсць такая магчымасць. Украіна ў аналагічнай сітуацыі адказала б неадкладна. Чаму зонды не ляцяць ва Украіну? Таму што ў адказ Украіна ўдарыць па Мазырскім НПЗ, і Лукашэнка гэта цудоўна разумее. З сучаснай беларускай ППА знішчыць абодва НПЗ — пытанне некалькіх дзён і некалькіх ракет.

Тое самае можна зрабіць з усёй хімічнай прамысловасцю краіны. Падарвіце “Гродна Азот” — і горад давядзецца эвакуіраваць з-за аміяку. Таму супраць Украіны Беларусь нічога не робіць: адказ будзе імгненны.

У 2022 годзе ва Украіны не было ні палітычнай волі, ні дастатковай колькасці сродкаў паражэння, усё ішло на адбіццё расійскага ўдару. Сёння такіх сродкаў больш чым дастаткова — кожную ноч у Расіі гарыць хімічная прамысловасць, нафтавые аб’екты, парты, танкеры, — нагадвае Шэйтэльман.

Чаму Аляксандр Лукашэнка паводзіць сябе так дзёрзка ў дачыненні да краін ЕС, якія ўваходзяць у НАТА?

— Супраць НАТА Лукашэнка дзейнічае, таму што разумее: удару ў адказ не будзе. Яны ўсё яшчэ ўпэўненыя, што здолеюць пазбегнуць вайны. Памыляюцца, — упэўнены ўкраінскі паліттэхнолаг.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.