42 падзенні расійскіх БПЛА зарэгістравалі ў Брэсцкай вобласці
Беспілотнікі, ілюстрацыйнае фота / futurezone.at
Днямі ў Брэсцкім аблвыканкаме адбылася каардынацыйная нарада, прысвечаная "ўзрослым рызыкам, выклікам і пагрозам для нацыянальнай бяспекі, звязаным з правядзеннем на тэрыторыі Украіны СВА" (гэта расійская назва для вайны супраць Украіны — "спецыяльная ваенная аперацыя"). Справаздача з нарады апынулася ў арганізацыі былых сілавікоў BELPOL.
У дакуменце паведамляецца, што ад пачатку 2025 года на тэрыторыі Брэсцкай вобласці зафіксавана 42 выпадкі падзення БПЛА, а таксама іх складовых частак. Прычым як мінімум тры з іх былі аснашчаныя выбуховымі рэчывамі: адзін беспілотнік здэтанаваў пры падзенні, два былі падарваныя сапёрамі.
Праверкай па фактах выяўлення беспілотнікаў займаўся Следчы камітэт. Па 27 матэрыялах праверак па стане на 1 снежня 2025 года было вырашана адмовіць ў пачынанні крымінальнай справы за адсутнасцю складу злачынства.
"Такое рашэнне следства магло вынесці толькі ў выпадку, калі прыналежнасць БПЛА да Узброеных сіл Расіі была дакладна ўстаноўленая", — канстатуюць у BELPOL.
У арганізацыі звяртаюць увагу, што ўлады хаваюць ад жыхароў Беларусі сітуацыі, якія пагражаюць у тым ліку жыццю людзей. Пры гэтым ніякіх прэтэнзій у бок Расіі за прылёт беспілотнікаў не агучваецца.
Сітуацыя з расійскімі беспілотнікамі на Гомельшчыне, праз якую нярэдка ідуць атакі на Украіну, можа быць яшчэ больш пагрозлівай.