Беларусь — на парозе дэмаграфічнай катастрофы. Што дапаможа яе пераадолець?

Разважае Леся Руднік

Разважае Леся Руднік

— Калі гаварыць пра рашэнні дэмаграфічнага крызісу, то не варта разлічваць толькі на ідэйных беларусаў, якія сёння кажуць, што вернуцца. Іхная колькасць з часам будзе памяншацца, — упэўненая паліталагіня Леся Руднік. — Трэба думаць як дзяржава, як тэхнакраты: якія ўмовы ствараць для тых, хто можа прыносіць краіне рэальную карысць — эканамічную, інтэлектуальную, чалавечую. Людзі — галоўны капітал Беларусі.

Няважна, якая ўлада будзе ў Беларусі ў найбліжэйшы час, дэмаграфічная праблема паўстане перад любым урадам Беларусі — дэмакратычным або аўтарытарным, разважаюць у праекце “Беларусь 2030” вядоўца Вольга Лойка і Алеся Руднік.

— З гэтай праблемай змагаюцца самыя багатыя і самыя паспяховыя краіны свету. Сітуацыя сапраўды тупіковая для многіх. Яна тлумачыцца мноствам фактараў, і каб зразумець корань дэмаграфічнай праблемы ў Беларусі, трэба разбірацца глыбока. Гэта і эканоміка, і эмансіпацыя жанчын, якая дае ім больш свабоды — магчымасць працаваць менш і не нараджаць дзяцей, калі яны гэтага не хочуць. Гэта экалогія, сацыяльныя змены — вялізная колькасць прычын. І ў беларускім выпадку, хутчэй за ўсё, гэта спалучэнне многіх фактараў, — разважае Руднік.

Якія ёсць варыянты выхаду з гэтай цяжкай сітуацыі?

— Каб вырашаць дэмаграфічную праблему, трэба думаць не пра сімвалічныя рэформы і не пра прыгожыя лозунгі. Трэба думаць пра канкрэтнасць: што менавіта мы прапануем людзям, каб яны захацелі вярнуцца? Ці лічаць яны Беларусь домам? Як зрабіць так, каб яны зноў адчулі, што гэта іх месца? Якія ўмовы ім будуць прапанаваныя? Якія льготы? Якія магчымасці для бізнесу? Якой будзе падатковая палітыка? Магчыма, гэта праграмы развіцця малога прадпрымальніцтва, магчыма, льготы на куплю жылля, інвестпраекты, развіццё турызму, — прапануе выхад Руднік.

Жыць на дзве краіны? На Польшчу і Беларусь. Гэта выйсце?

— Многія кажуць: "Я ўжо ніколі не паеду ў Беларусь". А я пытаюся: "А калі жыць на дзве краіны?" І большасць адказвае: "Так, на дзве краіны — гэта іншая справа".

І гэта таксама важны варыянт. Так, ёсць падатковыя нюансы — гэта ўсё давядзецца вырашаць. Але маючы домік у вёсцы, які ў цябе асацыюецца з домам, людзі захоўваюць сувязь з Беларуссю.

Гэта рамантычна — і гэта карысна для краіны. Гэта абмен досведам, культурай, новымі звычкамі. І, вядома, гэта прамыя эканамічныя ўліванні, — падсумоўваюць разважанні эксперткі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.