Да беларусаў звяртаюцца правакатары ад імя кінематаграфістаў

Правакатары шукаюць удзельнікаў пратэсту 2020 года, ілюстрацыйнае фота

Правакатары шукаюць удзельнікаў пратэсту 2020 года, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Правакатары збіраюць асабістыя звесткі беларусаў пад выглядам здымачнай каманды праекта "Спадчына".

Пра гэта ў сацсетках паведаміў аўтар будучага фільма Аляксей Палуян:

"Сябры, зараз пачалі распаўсюджвацца запыты быццам ад імя маёй каманды з нагоды прайсці кастынг у здымках майго новага фільма СПАДЧЫНА.

У гэтых паведамленнях ёсць пытанне: "Ці прымалі вы ўдзел у мірных пратэстах 2020 года ў Беларусі?" Гэтыя паведамленні не маюць ніякага дачынення да маёй каманды, бо кастынг да праекта адбываецца толькі польскім кастынг-дырэктарам і толькі праз інтэрнэт-партал для прафесійных акцёраў. Будзьце пільнымі і беражыце сябе!"

Пра адзін з такіх выпадкаў расказала выданне "Зеркало". Да беларускі звярнуўся мужчына, які назваўся Артурам і сказаў, што прадстаўляе праект "Спадчына". Ён цікавіўся яе ўдзелам у пратэстах 2020 года. Праўда, у лісце ён паведаміў, быццам здымаецца дакументальны фільм. Насамрэч жа "Спадчына" — мастацкая стужка. Беларуска на ліст не адказала, палічыўшы яго правакацыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.