Правакатары прадстаўляліся медыя, каб знайсці добраахвотнікаў. Падрабязнасці
Беларускія добраахвотнікі ва Украіне, фота ілюстратыўнае / t.me/belwarriors
Брытанская кампанія Edelman не праводзіць даследаванняў, звязаных з беларускімі добраахвотнікамі. Напярэдадні ад яе імя правакатары шукалі беларусаў з баявым досведам і прапаноўвалі запісаць неананімныя інтэрв’ю.
"Edelman не праводзіць ніякіх даследаванняў, звязаных з беларускімі добраахвотнікамі ва Украіне", — напісаў у адказе Еўрарадыё віцэ-прэзідэнт па глабальным маркетынгу і камунікацыях у Edelman Майкл Буш.
Edelman — міжнародная кансалтынгавая кампанія, якая працуе ў сферы сувязяў з грамадскасцю. Напярэдадні Еўрарадыё даведалася, што Рой Дахоў, які прадстаўляўся журналістам Edelman з Лондана, шукаў беларускіх добраахвотнікаў для неананімных інтэрв’ю. Ён спасылаўся на кантакты з валанцёрамі і Офісам Святланы Ціханоўскай, намякаў на фінансавыя цяжкасці беларусаў ва Украіне, прапаноўваў 100 еўра за ўдзел у інтэрв’ю і "фінансавую дапамогу".
"Валанцёры з Кіева далі спасылкі на групы і сказалі там усім запар пісаць", — кажа аўтар прапановы ў перапiсцы. Ён цікавіцца, ці ваяваў сам суразмоўца, ці ёсць у яго знаёмыя, якія ваявалі за Украіну, і падкрэслівае, што інтэрв’ю павінна быць неананімным.
У "журналіста" Роя Дахова няма профілю ў прафесійнай сетцы LinkedIn. Ён спасылаецца на кантакты з Офісам Святланы Ціханоўскай і заяўляе, што структура "зацікаўленая ў дадзеным расследаванні". Але прэс-сакратарка Ціханоўскай Ганна Красуліна абвергла гэтыя кантакты.
"Гэта правакацыя. Мы не ўдзельнічалі ў гэтым. З намі гэтыя людзі не кантактавалі", — сказала Красуліна ў адказе Еўрарадыё.
Раней падобным чынам дзейнічалі беларускія прапагандысты. Беларускіх уцекачоў угаворвалі даць відэаінтэрв’ю нібыта для дэмакратычных сіл і праваабаронцаў, а пазней кадры з’яўляліся на дзяржаўным тэлебачанні Беларусі.