Беларускі гурт Litesound, які асудзілі за пратэсты, выступіў у Літве
Гурт Litesound на конкурсе Lietuvos talentai / Vido Černiausko, tv3.lt
У літоўскім конкурсе талентаў Lietuvos talentai прыняў удзел беларускі гурт Litesound. Двое музыкаў калектыву былі асуджаныя ў Беларусі за ўдзел у масавых пратэстах.
Адзін з удзельнікаў гурта Яўген ужо тры гады жыве ў Літве. Сам ён нарадзіўся ў Мінску, але мае карані ў Коўне. А браты Дзмітрый і Уладзімір Каракіны пераехалі ў Літву пасля таго, як былі асуджаныя ў Беларусі на "хатнюю хімію".
У каментары тэлеканалу TV3 Дзмітрый Каракін расказвае: "Нас арыштавалі. Але да таго, як нас арыштавалі і пасадзілі, Яўгену ўдалося збегчы. Афіцыйнае абвінавачванне — удзел у несанкцыянаваных мерапрыемствах".
За кратамі апынуліся не толькі самі музыкі, але і іх бацькі. Усе яны сядзелі ў розных папраўчых установах. "Хоць мы і знаходзімся ў Літве, нам даводзіцца быць вельмі асцярожнымі ў сваіх словах. Мы тут з нашай маці, але наш бацька дагэтуль не вызвалены", — кажа Уладзімір.
На конкурсе гурт Litesound выканаў вядомую песню Imagine Джона Ленана.
У 2012 годзе гурт Litesound выступаў за Беларусь на конкурсе "Еўрабачанне".