“Легенды сыходзяць, а мы застаемся” — апошні канцэрт “Петли пристрастия”

“Петля Пристрастия”

“Петля Пристрастия” / Facebook

Усе дэталі гісторый і імёны могуць быць недакладнымі. Памятаю, 2009 год: я купляю CD з беларускай музыкай ці то ў Сядзібе БНФ ці то ў краме “Падземка”. І аднойчы прыношу дадому складанку беларускай супольнасці незалежных музыкаў. Тады я ўпершыню пачула “Серебряную свадьбу”, “Аддис Абебу”, і “Петлю Пристрастия”. Паслухаўшы песню апошніх, “Солнечный город”, якая асабліва не выконвалася на канцэртах апошнімі гадамі, я буду нейкі час думаць, што на вакале жанчына. Ну, пакуль не пачну шукаць больш пра гурт.

“Петля Пристрастия” пачалася афіцыйна ў 2004 годзе з Іллі Чарапко і Цімафея Савіцкага, а праз пяць гадоў гурт выдаў свой першы альбом “Всем доволен”. Тагачасныя музыкальныя крытыкі называлі яго лепшым беларускім альбомам на рускай мове.

З кожнай наступнай кружэлкай музыкі набіралі ўсё больш папулярнасці не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Пасля 2022 года Пятля выступала ўжо толькі ў краінах Еўропы, але слухачоў у іх не паменела. Сапраўдным падарункам для беларусаў стаў апошні, сёмы альбом “Суперпазіцыя” — цалкам запісаны на роднай мове.

Таму і навіна пра распад гурта і тое, што вялікі канцэртны тур стаўся фінальным, стала шокам. Настолькі вялікім і балючым, што менавіта праз гэта некаторыя мае знаёмыя і не пайшлі на канцэрт. Я ж хацела развітацца…


“ТЭЦ быў бачны і з майго акна”

У Варшаве гэтым разам гурт іграе ў найлепшай за ўсе папярэднія пляцоўкі — у клубе Palladium, разлічаны на тысячу і больш чалавек. На ўваходзе сустракаю варшаўскіх знаёмых — 30-гадовых беларусаў. Пытаюся, з якімі эмоцыямі яны прыйшлі на канцэрт: “Калі шчыра, то больш суму”. 

“Легенды сыходзяць, а мы застаемся” — апошні канцэрт “Петли пристрастия”
Здымкі ў канцэрту “Петли пристрастия” ў Варшаве 22 лістапада 2025 / Facebook

— Я не так даўно пачала хадзіць на іх канцэрты, ужо ў Польшчы. І так нечакана, што саліст сыходзіць. Для мяне не зразумела, чаму. А хлопец першы раз ідзе, — кажа Дар’я.

Выходзіць, і апошні. Да нас падыходзяць яшчэ знаёмыя. Усе яны пачалі слухаць гурт ужо ў эміграцыі, а некаторыя нават не ведалі, што ён з Беларусі.

— Я ўпершыню пачуў у 2023 годзе, калі пераехаў у Польшчу. І канцэрты ўжо тут былі, але я яшчэ не хадзіў, бо мала ведаў. І як толькі даслухаў і падумаў, што трэба ісці, то канцэрт скончыўся. Але на наступны год я ўжо быў. Мяне зачапіў іх стыль, я такое люблю. Ды калі яшчэ зрабілі альбом на беларускай — гэта ўвогуле хараство, — кажа Лёша.

Сустракаю фатографа, якога я бачу паўсюль. І бачыла на кожным канцэрце “Пятлі”.

— Я ўсё яшчэ лічу, што гэта не апошні канцэрт, таму з вельмі сумнымі эмоцыямі прыйшоў на канцэрт. Я слухаю іх недзе з альбома “Мода и Облака”. Першы трэк быў “Небо Молот”. Тады мяне зачапіла музыка, а потым я пасталеў, і тэксты мяне зачапілі. А калі я першы раз трапіў на канцэрт, то адчуў, што ніколі больш не прапушчу. Так амаль і было, прынамсі, усе польскія я быў тут, — распавядае ён.

Павел Трыпуць, гітарыст “Крамбамбулі”, акрама шкадавання, адчувае і вялікую ўдзячнасць гурту.

— Я яшчэ не да канца веру. Можа, штосьці заканчваецца для таго, каб пачалося нешта новае. І я на гэта спадзяюся. А так, канешне, з радасцю чакаем гурт.

Год, калі Павел упершыню пачуў гурт, ён не ўзгадае, кажа “даўно”. А што зачапіла, пытаюся.

— Вакал Іллюшын зачапіў. Шчырасць і гучанне гурта.

— А памятаеце нейкую гісторыю з гуртом? — запытваюся.

—  Я ўсіх добра ведаю асабіста. Розныя гісторыі — не ўсе можна распавядаць, — смяецца Трыпуць.

Ну што ж, музыкі. Іду да калег-журналістаў. Кажу, што збіраю ўспаміны сведкаў апошняга канцэрта. “Ну не!” — адразае каляжанка.

Яе партнёр дапаўняе:

“Легенды сыходзяць, а мы застаемся” — апошні канцэрт “Петли пристрастия”
Гурт "Прыпяць" выступае на разагрэве / Euroradio

— Мне падаецца, я больш іх на канцэртах слухаю, чым дома ўключаю. Мне проста падабаецца, што робіць Ілля як артыст, — кажа калега.

— Гэта частка нашай настальгіі, — дадае яе хлопец.

— Па Мінску? — удакладняю.

— Па нашым страчаным жыцці. Час сыходзіць, ёсць адчуванне, што ў нас скралі частку жыцця. Мы знаходзімся ў іншай краіне і збіраемся на такія канцэрты, каб пабачыць знаёмых. Адчуванне, што ты зноў у Мінску. Гэта і балюча, і прыемна быць разам з блізкімі людзьмі.

Беларускі журналіст Павел прыйшоў на канцэрт з пачуццём, што легенды сыходзяць, а мы застаемся.

— Гэта з аднаго боку сумна, а з іншага — некаторы аптымізм дадае.

Павел кажа, што пачаў слухаць гурт “даволі позна”, у 2012 годзе, калі ўжо было шмат хітоў, напрыклад, “Карма велогонщика”.

— Яны тады выпусцілі альбом “Фобос”, які мне вельмі спадабаўся. Там была песня пра ТЭЦ і гэты ж ТЭЦ таксама бачны з вакна майго дома ў Мінску. Так усё пакацілася.

У Паўла ёсць свае дзіўныя канцэртныя рытуалы.

— На кожным канцэрце “Пятлі”, на якім бываю, я раблю дзве рэчы. Першая — я гучна крычу NRM, і ўвесь зал не разумее, што адбываецца, але ўсім смешна. Часам нехта скажа, што гэта іншы гурт. А другая рэч — я крычу “Жыве Беларусь”. Ніхто так не робіць, а потым высвятляецца, што ўсім вельмі хочацца гэта пакрычаць і ўся зала падхоплівае.

Памятаю, як на канцэрце ў Берліне я стаяў з рэжысёрам Андрэем Палуянам і з апошніх сіл стрымліваліся, але ўсё ж пачалі крычаць “Жыве Беларусь” і ўся зала таксама. Мне здаецца, музыкам гэта не вельмі падабаецца, асабліва, аднаму. Але гэта ж канцэрт беларускага гурта. Так трэба рабіць, — лічыць Павел.

Слоган “Жыве Беларусь” некалькі разоў прагучыць і на апошнім канцэрце ў Варшаве, але публіка будзе больш клікаць сам гурт: “Петля, Петля!”

 

Геданісты не старэюць

На разагрэве іграе Прыпяць — гурт Казіміра і Цімафея Савіцкіх і Дзяніса Тарасенкі

“Легенды сыходзяць, а мы застаемся” — апошні канцэрт “Петли пристрастия”
"Пятля" на сцэне / Euroradio

Ілля ў цішотцы “старость” пачынае свае танцы. Песні ідуць у храналагічным парадку албомаў. Ужо другім гучыць “Всем доволен” — той самы трэк са складанкі, якую я даўно не чула ўжывую.

Натоўп зацягвае, як варонка. Узгадваю, што ў Мінску я хадзіла на “Пятлю” пераважна на меншыя канцэрты — у клуб, які знаходзіўся на 4 паверсе будынка на вуліцы Мяснікова. Калі публіка ў Варшаве складаецца збольшага з маладзёнаў, тады я вучылася слэміцца ў кампаніі паўапранутых мужычкоў. Цяпер жа я ўмею толькі добра адбівацца ад слэма.

Амаль кожны трэк агольваве ўспаміны. Вось “Дышать и смотреть”. Некалі я ўключыла яе былому хлопцу — “человеку, который не может вернуть ничего”. І ўвогуле, як мы любілі з сяброўкай араць яе на канцыках! 

“Легенды сыходзяць, а мы застаемся” — апошні канцэрт “Петли пристрастия”
Здымкі ў канцэрту “Петли пристрастия” ў Варшаве 22 лістапада 2025 / Facebook

Перад “Одиссеей, Ілля кажа, што не чакаў, што песня стане аўтабіяграфічнай. Фанаты зразумелі, што як той Адысей Ілля пакідае карабель. Раней у сацсеткках фронтмэн каманды пісаў, што ў туры перамяшчаецца асобна ад гурта. І на сцэне музыкі паміж сабой амаль не камунікуюць.

Хутка сэт-ліст даходзіць на апошняга альбома — як кажа Ілля, з якім навучыўся спяваць на роднай мове. У гэты момант чую, як дзяўчына перакладае гэта сяброўцы на польскую, а тая адказвае: “я зразумела”.

Нейкі фанат крычыць: “Іллюха, не сыходзь”. Адразу пасля гэтага гучыць “Алоха”:

Хай не ў апошні раз дзяўчына смяецца
Хай не ў апошні раз спаткацца давядзецца

На самы канец гурт пакінуў хіты “Гедонист”, “Зеленый коридор”, “Дедлайн”, “Цветок” і “Груз”. На бісе прагучалі “Иллюзия” і “Сатурн”.

Ілля развітваецца з публікай, кажучы, што яна назаўсёды ў памяці. Іншыя музыкі нібыта не хочуць сыходзіць. Гістарыст і бубнач нават выбягаюць танчыць пад Slaves — дарэчы, гурт гітарыста і бубнача. 

“Легенды сыходзяць, а мы застаемся” — апошні канцэрт “Петли пристрастия”
Здымкі ў канцэрту “Петли пристрастия” ў Варшаве 22 лістапада 2025 / Facebook

І мне пасля канцэрту яшчэ не хочацца сыходзіць. З балкону назіраю за публікай, зноў пачынаю корпацца ў памяці, узгадваць, як гэта было ў Мінску. Забаўна, што нават у іншым горадзе сустракаеш людзей, якіх бачыла тады. Вось, напрыклад, побач стаіць дзяўчына, я не ведаю яе імя, але памятаю, што мы хадзілі на тыя ж канцэрты. Хочацца падыйсці да яе спытаць пра ўражанні, але тады нам прыйдзецца пазнаёміцца. Хай ужо яна застанецца маім канцэртным фантомам.

Тут жа бачу сяброў сяброў, якіх таксама памятаю з Мінска. Яны адразу пытаюцца, маўляў, праўда, што гэта быў іх лепшы канцэрт у Варшаве? Лёгка пагаджаюся.

Мы ўзгадваем, хто і калі пачаў слухаць гурт. І зноў мяне ніхто не перабіў. Але цікава, што ў некаторых магія не была імгненнай і спатрэбіліся гады, каб палюбіць і пачаць хадзіць на кожны канцэрт.

Міша, хлопец у кампаніі, думаў, што ўсе вакол будуць плакаць на танцполе. Але ж плакала толькі яго дзяўчына.

Ці верым мы, што гэта апошні канцэрт? Нехта так, нехта не. Але сыходзімся ў думцы, што калі і будзе камбэк, то мы ўсе зноў пабачымся.

Таксама дзелімся здагадкамі: можа, будзе новы альбом Polyn (апошняга праекта Іллі Чарапко), можа нешта новае ад “Кассиопеи”? Усё гэта, прынамсі, Чарапко не выключае, і, нават болей, абяцае заняцца нечым новым. Пра гэта пасля канцэрта ён напісаў у сацсетках. 

А што з “Пятлёй”? Ці мог бы гурт працягнуць без Іллі? Ці з новым вакалістам? Або ўжо над новай назвай? Пакуль пытанні без адказаў.

Міша кажа, што ў яго падвойныя пачуцці. З аднаго боку — гэта гурт “маладосці”, якую не хочацца адпускаць, з іншага — магчыма, калі наступае час сыйсці, то трэба сыходзіць: прыгожа і на піку.

Наступныя канцэрту апошняга туру Пятлі адбудуцца ўжо на гэтым тыдні ў Батумі, Тбілісі, Ерэване і апошні — 2 снежня ў Лімасоле. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.