Палітуцекачам абяцаюць за вяртанне памяняць "крыміналку" на "адміністратыўку"

Крымінальны кодэкс, ілюстрацыйнае фота / sb.by
Сілавікі прыдумалі яшчэ адзін хітрык. Яны прапануюць альтэрнатыву беларусам, якія праз пераслед за пратэсты з'ехалі за мяжу.
Следчыя кажуць, што могуць замяніць крымінальную адказнасць на адміністратыўную, калі чалавек паспее вярнуцца ў Беларусь да таго, як яго пададуць у вышук. Пра гэта Еўрарадыё распавяла крыніца, якая выслухала такую прапанову ад следчага.
Гаворка пра тых, хто ўдзельнічаў у мірных вулічных акцыях у 2020 годзе. Тэрмін даўнасці па іх "злачынстве" складае 5 гадоў і можа заканчвацца літаральна днямі. Каб паставіць адлік "на паўзу", сілавікі падаюць фігурантаў крымінальных справаў у вышук.
Але, кажа следчы, калі фігурант справы да пэўнай даты сам вернецца ў Беларусь — "крыміналку" заменяць "адміністратыўкай". Суд, пракурор ці следчы (са згоды пракурора) могуць зрабіць гэта на падставе арт. 86 КК.
Наша крыніца кажа, што яе літаральна прыспешвалі. Маўляў, часу засталося пару дзён, далей дакументы пойдуць на вышук і будзе позна. Гарантый следчы даць не можа — прапануе проста паверыць яму.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.