За карупцыю звольнілі гендырэктара Беларускага бюро па транспартным страхаванні

Антон Аўсейка / belasin.by
Генеральнага дырэктара Беларускага бюро па транспартным страхаванні Антона Аўсейку звольнілі па прычынах, звязаных з карупцыяй. Адпаведная ўрадавая пастанова №278 ад 20 траўня з'явілася на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале. Падпісаў яе прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын.
У дакуменце гаворыцца, што Аўсейка зняты з пасады ў сувязі са здзяйсненнем правапарушэння, якое стварае ўмовы для карупцыі, альбо карупцыйнага правапарушэння (пункт 51 часткі 2 артыкула 47 Працоўнага кодэкса).
На сайце арганізацыі генеральным дырэктарам дагэтуль напісаны Антон Аўсейка.
Беларускае бюро па транспартным страхаванні было створанае ў 1999 годзе, калі ў краіне ўвялі абавязковае страхаванне аўтаграмадзянскай адказнасці. Сёння ў склад бюро ўваходзяць такія кампаніі, як "Белдзяржстрах", "Асоба", "Белнафтастрах", "Белэксімгарант", "Прамтрансінвест" і "ТАСК".
Аўсейка працаваў гендырэктарам бюро з 2009 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.