Затрыманы выканаўчы дырэктар РРБ-Банка Віталь Дранкевіч — "Наша Ніва"

Віталь Дранкевіч

Віталь Дранкевіч / sb.by

Стала вядома пра новыя затрыманні па нашумелай "справе Софтклуба", якая закруцілася вакол вядучага правайдара банкаўскіх ІТ-рашэнняў і яго кіраўніка Уладзіміра Сіроткі.

Цяпер затрымалі выканаўчага дырэктара РРБ-Банка Віталя Дранкевіча, які раней сам быў следчым Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Затрыманне адбылося прыкладна 26 кастрычніка (яго апошні дзень у анлайне), піша "Наша Ніва".

Дранкевіч займаў пасаду выканаўчага дырэктара з 2021 года, а да таго з 2016‑га па 2021‑ы быў старшынёй праўлення РРБ-Банка. Тады Нацбанк не пераатэставаў яго з прычыны "неадпаведнасці кваліфікацыі і патрабаванням".

Ператрусы і арышты па "справе Софтклуба" адбыліся ў шэрагу беларускіх банкаў. Сілавікі падазраюць наяўнасць карупцыйнай змовы паміж кампаніяй-пастаўшчыком ІТ-рашэнняў і менеджарамі банкаў. Яны нібыта атрымлівалі "адкаты" за лаяльнасць да канкрэтнага пастаўшчыка, але ў працэсе яшчэ і крэатыўна недаплачвалі падаткі. Кампанія "Софтклуб" вядомая тым, што з'яўляецца распрацоўшчыцай сістэмы АРІП. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.