Па справе "Софтклуба" сілавікі прыйшлі таксама ў банкі ВТБ і Прыёр

Старшыня праўлення банка ВТБ Уладзімір Ліхадзіеўскі

Старшыня праўлення банка ВТБ Уладзімір Ліхадзіеўскі / Банк ВТБ

У банкаўскай сферы працягваюцца візіты сілавікоў і арышты ў справе, звязанай з "Софтклубам". Гэта адна з найбуйнейшых ІТ-кампаній Беларусі. Яна спецыялізуецца на праграмным забеспячэнні для банкаў і фінансавых сэрвісаў. Адна з яе распрацовак — сістэма АРІП (АІС "Разлік"), з дапамогай якой фізічныя і юрыдычныя асобы могуць выстаўляць рахункі і рабіць аплату.

Напрыканцы кастрычніка стала вядома, што ў кіраўніцтве кампаніі адбыліся затрыманні. У тым ліку быў затрыманы гендырэктар і стваральнік кампаніі Уладзімір Сіротка. Потым сілавікі прыйшлі да старшыні праўлення "Цэптэр банка" Аляксандра Ігнатава.

"Наша Ніва" са спасылкай на крыніцы ў банкаўскіх колах піша, што затрыманні адбыліся таксама ў Прыёрбанку і ў банку ВТБ (Беларусь). У прыватнасці, кажуць пра старшыню праўлення ВТБ Уладзіміра Ліхадзіеўскага. Цяпер ён на свабодзе. Аднак месенджары банкіра зарэгістраваныя на расійскі нумар (ён доўга жыў і працаваў у Расіі), і ў вайберы ён апошні раз быў анлайн 29 кастрычніка. Па часе гэта прыкладна супадае з іншымі затрыманнямі па гэтай справе. Выданне мяркуе, што ў Ліхадзіеўскага пры затрыманні канфіскавалі тэхніку.

Банк ВТБ (Беларусь) у 2022 годзе трапіў пад амерыканскія санкцыі, Ліхадзіеўскі ўзначальвае яго ад пачатку 2024-га.

Затрыманні ў Прыёрбанку не закранулі праўленне. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.