Вызвалены з СІЗА экс-дырэктар Палаца Рэспублікі атрымаў новую пасаду

Максім Прыхадоўскі на новай працы

Максім Прыхадоўскі на новай працы / npbp.by

Былы дырэктар Палац Рэспублікі Максім Прыхадоўскі, злоўлены на хабары, атрымаў новую кіраўнічую пасаду.

Пасля затрымання Прыхадоўскі амаль чатыры месяцы адсутнічаў у сацсетках. Але нядаўна ён з’явіўся ў Інстаграме з відэазаклікам прыязджаць у Белавежскую пушчу да Дзеда Мароза, заўважыла "Наша Ніва". Сам Прыхадоўскі цяпер працуе там намеснікам гендырэктара.

Прыхадоўскі — актыўны прыхільнік Лукашэнкі і адзін з арганізатараў перадвыбарчага "Марафону адзінства". Яго затрымалі па падазрэнні ў атрыманні хабару і два месяцы трымалі пад следствам. Потым чыноўніка перавялі з СІЗА пад падпіску аб нявыездзе, а ў кастрычніку і ўвогуле адпусцілі. Па словах былых калег Прыхадоўскага, вызвалілі яго дзякуючы сяброўству з прэс-сакратаркай Лукашэнкі Наталляй Эйсмант. Ён нібыта і сам гэтым хваліўся, калі прыйшоў забіраць рэчы з Палаца Рэспублікі.

Месца дырэктара Палаца Рэспублікі пасля яго дагэтуль застаецца вакантным.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.