Качанава заявіла пра "неправамерныя" звароты беларусаў
Выязное пасяджэнне ў Дзятлаве / прэс-служба Савета Рэспублікі
Беларусы дасылаюць "неправамерныя" звароты. Пра гэта заявіла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава на выязным пасяджэнні прэзідыума Савета Рэспублікі, якое прайшло ў Дзятлаве на Гродзеншчыне.
На пасяджэнні абмяркоўвалі, як у Гродзенскай вобласці працуе сістэма разгляду зваротаў ад грамадзян і юрыдычных асоб. Качанава паведаміла, што колькасць зваротаў ад жыхароў Гродзенскай вобласці вырасла: "Магчыма, звароты неправамерныя. Але людзям трэба тлумачыць і даводзіць. А так, калі яны звяртаюцца раз, а потым яшчэ раз, гэта дрэнна".
Праўда, знайшла яна і станоўчы бок у тым, што скаргаў стала больш: "Калі сёння ў вас павялічылася паступленне зваротаў да сенатараў, трэба радавацца. Людзі да вас ідуць. Людзі ведаюць, што я прыйшоў, звярнуўся, мне там дапамогуць".
Чыноўніца пахваліла Гродзеншчыну за "сур'ёзныя зрухі" ў "будаўніцтве жылля, выдзяленні крэдытных рэсурсаў, у замацаванні маладых кадраў, у будаўніцтве, у магчымасці далейшай прыватызацыі арэнднага жылля". Але галоўнае, на яе думку, мір і бяспека: "Не будзе міру і бяспекі — не будзе нічога".