Пракуратура расказала пра банду, якая займалася продажам беларускіх шынаў у РФ
Шына, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Генпракуратура накіравала ў суд крымінальную справу па карупцыі. Абвінавачанымі праходзяць дзевяць супрацоўнікаў некалькіх прадпрыемстваў у сферах вырабу і рэалізацыі аўтамабільных шын. Усе яны ўзятыя пад варту.
Паводле Генпракуратуры, арганізаваная група з кіраўнікоў прадпрыемстваў дзейнічала ў Беларусі і Расіі ад снежня 2017 года па ліпень 2024-га. У яе ўваходзілі:
— гендырэктар кампаніі — суб'екта тавараправоднай сеткі беларускага прадпрыемства па вытворчасці шын (Масква, Расія) і два яго намеснікі;
— дырэктар філіяла гэтай маскоўскай фірмы ў Растове-на-Доне (Расія), а потым начальнік аддзела рэалізацыі шын названай гандлёвай кампаніі;
— гендырэктар буйнога беларускага прадпрыемства па вытворчасці аўтамабільных шын і яго два намеснікі па камерцыйных пытаннях; адзін з іх пасля стаў гендырэктарам рэспубліканскага даччынага ўнітарнага прадпрыемства ў Мінску — заснавальніка маскоўскай тавараправоднай кампаніі;
— іншыя асобы.
Пракурорскія работнікі сцвярджаюць, што злачынная група была створаная для таго, каб атрымліваць хабары за пераважны продаж беларускіх шынаў на адрас канкрэтных расійскіх фірмаў.
Арганізатарам і кіраўніком злачыннай групы называюць гендырэктара маскоўскай кампаніі па продажы беларускіх шынаў. У Гепракуратуры кажуць, што менавіта па яго ўказанні на беларускае прадпрыемства быў прызначаны намеснік гендырэктара. "А пасля яго прызначэння да яго давялі патрабаванне арганізаваць рэгулярную і бесперабойную пастаўку шыннай прадукцыі на адрас маскоўскай кампаніі ў неабходных аб'ёмах і асартыменце. За гэта яму абяцалі сістэматычную перадачу хабараў", — гаворыцца ў паведамленні.
Сумы хабараў за пастаўку шын у неабходных аб'ёме і асартыменце былі ў дыяпазоне ад 360 тысяч да 35,5 млн расійскіх рублёў. Агулам ад 2018 года да ліпеня 2024-га ў якасці хабару было атрымана каля 560 млн расійскіх рублёў (17,7 млн беларускіх рублёў).
Гендырэктар беларускага прадпрыемства па вытворчасці шын у сакавіку 2023-га выйшаў са складу групы, бо яго звольнілі з пасады. Пракуратура заяўляе, што ён арганізаваў пастаўку больш як 7690 аўтамабільных шын розных мадэляў на агульную суму 80,3 млн беларускіх рублёў пры іх фактычным сабекошце ў 90,2 млн беларускіх рублёў. Маскоўская фірма перапрадала гэтыя шыны расійскім кампаніям "з розніцай не менш за 93,7 млн беларускіх рублёў".
"Падчас папярэдняга следства з шасцю абвінавачанымі заключана дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве, з іх двое не выканалі яго ўмовы", — заяўляюць у Генпракуратуры.