Чыноўніка з Брэстчыны звольнілі за банкаўскі рахунак у ЕС
Еўра, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
Чыноўніка ў Брэсцкай вобласці звольнілі за наяўнасць банкаўскага рахунку ў Еўрасаюзе, паведаміла пракуратура вобласці.
Гаворка ідзе пра намесніка кіраўніка адной з арганізацый вобласці, які займаў кіруючую пасаду цягам некалькіх гадоў. Як заяўляюць у пракуратуры, ён "адкрыў і выкарыстаў у асабістых мэтах банкаўскі рахунак у замежным банку, зарэгістраваным на тэрыторыі Еўрапейскага Саюза".
Выкрылі гэты факт падчас праверкі пракуратуры і міліцыі. Наяўнасць рахунку расцанілі як "факт парушэння дзяржаўнай службовай асобай антыкарупцыйнага абмежавання". Дзяржаўным службовым асобам забаронена валодаць і карыстацца рахункам у замежных банках — гэта прапісана ў арт. 17 закона "Аб барацьбе з карупцыяй".
У выніку чыноўніка звольнілі з такой фармулёўкай: за "парушэнне пісьмовага абавязацельства па выкананні абмежаванняў, прадугледжаных заканадаўствам аб барацьбе з карупцыяй". Такое звальненне азначае, што на працягу бліжэйшых пяці гадоў кіраўнічыя пасады як у дзяржаўнай, так і ў прыватнай сферы ён зможа займаць толькі па ўзгадненні са старшынёй выканкама, падкрэслілі ў пракуратуры.