Нямецкі палітык сказаў, што ў Беларусі ўжо 360 000 расійскіх салдат. Праўда?
Армія, фота ілюстратыўнае / 103 Витебская воздушно-десантная бригада
Эксперт па замежнай палітыцы ХДС Радэрых Кізеветэр заявіў у эфіры нямецкага тэлеканала NTV, што Расія перамясціла ў Беларусь "два вайсковыя карпусы". Паводле яго слоў, проста цяпер на беларускай тэрыторыі знаходзіцца ад 350 тыс. да 360 тыс. баяздольных салдат.
"Гэта выклікае трывожнасць, асабліва ў краінах Балтыі", — сказаў Радэрых Кізеветэр.
Супольнасць беларускіх чыгуначнікаў абвяргае масавае перамяшчэнне расійскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі.
"Паводле нашых звестак, на тэрыторыі Беларусі знаходзіцца не больш за 1,2 тыс. расійскіх вайскоўцаў. Калі б у Беларусь перакінулі 360 тысяч салдат, мы б заўважылі. Супольнасць чыгуначнікаў маніторыць сітуацыю", — рэзюмаваў прадстаўнік супольнасці Сяргей Вайцяховіч.
Пасля таго, як скончыліся расійска-беларускія вучэнні "Захад–2025" і сумесныя вучэнні АДКБ, у супольнасці рэзюмавалі: маштаб перавозак аказаўся мінімальным за ўсю гісторыю падобных вучэнняў. Усе эшалоны, якія прыбылі ў Беларусь у межах вучэнняў, пакінулі тэрыторыю краіны да пачатку кастрычніка.
У верасні ў супольнасці распавядалі, што Расія пачала адгружаць боепрыпасы са складоў Беларусі. З Беларусі ў Расею адпраўлялі самыя запатрабаваныя для фронту тыпы боепрыпасаў — чыгуначнікі мяркуюць, што гэта 152-мм і 122-мм артылерыйскія снарады, а таксама боепрыпасы для РСЗА "Град". Была зафіксаваная сустрэчная плынь: у Беларусь увозіліся расійскія боепрыпасы іншай наменклатуры.