За гвалт у дачыненні да сілавіка мінчуку пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі

Яшчэ аднаго мінчука будуць судзіць за гвалт у дачыненні да сілавіка / СК
Яшчэ аднаго мінчука будуць судзіць за гвалт у дачыненні да сілавіка / СК

20-гадовага мінчука будуць судзіць за гвалт у дачыненні да сілавіка. Паводле версіі следства, 10 жніўня на праспекце Пераможцаў ён "нанёс некалькі ўдараў супрацоўніку міліцыі", спрабуючы вызваліць затрыманага мужчыну.

— Першапачаткова малады чалавек цалкам адмаўляў віну і казаў, што проста праходзіў міма. Праз час мінчук усё ж прызнаўся, што даведаўся ў Telegram-каналах аб месцы правядзення несанкцыянаванага мерапрыемства і мэтанакіравана паехаў на праспект Пераможцаў, каб прыняць у ім удзел. Убачыўшы, як за ўчыненне адміністрацыйнага правапарушэння затрымліваюць незнаёмага яму мужчыну, хлопец падбег і стаў наносіць удары супрацоўніку міліцыі — гаворыцца ў афіцыйным паведамленні Следчага камітэта.

Хлопцу прад'явілі абвінавачанне па арт. 364 (гвалт у дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай перашкодзіць яго законнай дзейнасці, з помсты за выкананне службовай дзейнасці) КК РБ. Ён знаходзіцца пад вартай, справу перадалі ў суд.

Арт. 364 прадугледжвае арышт, або абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.