— Пасля таго, як яна даслала мне скрыншот, які можа накляпаць нават дзіця, мы стэлефанаваліся і я ёй сказаў, што давер — як дарога з двухбаковым рухам [адпраўніца выразала са скрыншота верхнюю частку фігуры жанчыны з татуіроўкай, як і ў Мельнікавай, але выява моцна размытая. — Еўрарадыё]. Я патлумачыў, што калі патрэбны грошы, няхай дашле відэа цалкам з тлумачэннем, дзе і калі яго здымалі, а калі яна працягне закідваць мяне незразумелымі скрыншотамі, я не буду з ёй размаўляць. Пасля гэтага мне даслалі ўрывак відэа на чатыры секунды, з якога таксама нічога не зразумела. За кустамі нейкая жанчына косіць газонакасілкай траву і на гэтым — усё, — кажа Лявончык.
— Яна запэўнівае, што калі б вы хацелі верыфікаваць відэа, там усё ясна, а калі не — трэба было папрасіць у яе яшчэ адзін урывак.
— Як я магу нешта верыфікаваць, калі на першым плане лісце?! — здзіўляецца Аляксей. — Адзінае, за што можна там зачапіцца — відэа здымалася з-за кустоў (хоць ... гэта могуць быць і нейкія аператыўныя здымкі). Але такія кусты я магу знайсці ў Нясвіжы, пад Варшавай і нават у Францыі. Гэты ўрывак увогуле нічога не даказвае.
Я працую з людзьмі, з дакументамі, з відэаверыфікацыяй. Нам неаднаразова дасылалі матэрыял, зроблены з лайна і палак. 90% таго, што мы атрымліваем, адкідаецца адразу.
Я магу дапусціць, што фрагмент відэа, які мне даслалі, аўтэнтычны. Каб пераканацца ў гэтым, мне трэба больш інфармацыі (калі менавіта здымаўся, геалакацыя). Мае калегі праверылі яго, там няма ніякіх звестак.
Калі адпраўніца хоча атрымаць грошы ці дабіцца праўды, хай дасылае відэа цалкам. Я не магу аддаць 10 тысяч еўра за незразумелы ўрывак у чатыры секунды. Калі яна мне не давярае, каб даслаць дастаткова інфармацыі, значыць я таксама не буду ёй давяраць.
Калі ваш матэрыял дапаможа ёй данесці, што для таго, каб атрымаць узнагароду, трэба даслаць больш доказаў, гэта можа быць нейкім пазітывам.
Пасля размовы з Аляксеем Лявончыкам, мы яшчэ раз звязваемся з Мандарынкай. Аказалася, што фрагмент відэа, які яна даслала ў рэдакцыю, і фрагмент, які атрымаў кіраўнік ByHelp — гэта два розныя фрагменты, знятыя з розных ракурсаў (у рэдакцыі ёсць абодва відэафрагменты). Дзяўчына дазволіла пераслаць Аляксею другі ўрывак — там фігура жанчыны — крыху буйнейшая. Яна косіць траву на фоне кута нейкай хаты, але і ў гэтым выпадку зусім не зразумела, што гэта за хата і калі было знята відэа.
— Як мы можам пераканацца, што гэта відэа зроблена цяпер, а не калісьці даўно, і на ім сапраўды Анжаліка Мельнікава?
— На відэа ў яе ёсць татуіроўка, якой не было ў 2020 годзе, калі яна ўцякала. Гэтага мала? Яшчэ трэба інтэрв'ю ў яе ўзяць? Як я магу даказаць? Вось вы ўсе, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі, якому я паказала відэа, пытаецеся: "А як даказаць, што гэта арыгінал?" Я кажу — моўчкі. Там усё выдатна бачна: што там ёсць татуіроўка, што гэта — Мельнікава, і тое, што яна знаходзіцца ў Беларусі (я вам зараз гэта адкрыта кажу і заяўляю — 100%), гэта хата яе бацькоў, яна касіла газон, гуляла з дзецьмі. На арыгінальным відэа ёсць яе дзеці. Скінуць вам гэта ўсё, ці гэта таксама фэйк з дзецьмі, якія падраслі? Вы ўсё хочаце і адразу? Дык, можа, чалавек, які павінен адказваць за гэта грашыма, павінен заплаціць?