Мельнікава зняла з рахунку Białoruś Liberty 150 тысяч долараў — "Кіберпартызаны"

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава

Анжаліка Мельнікава зняла з рахунку фонду Białoruś Liberty агулам больш за 150 тысяч долараў. Прычым апошняя аперацыя па зняцці сродкаў адбылася 24 сакавіка 2025 года. Пра гэта паведамляе група "Кіберпартызаны", якая аднавіла кантроль над рахункамі фонду. Раней у смі называлася сума ў 118 тысяч еўра.

Паведамляецца, што раней Мельнікава выкарыстоўвала грошы фонду толькі на мэтавыя плацяжы. Першы раз яна зняла грошы на асабісты патрэбы 22 студзеня 2025 г. — заплаціла за сэрвіс Booking. Таксама некалькі разоў яна здымала сумы з рахунку ў лютым — сумамі да 2,5 тысячы долараў, "у тым ліку выкарыстала сэрвіс экспрэс-пераводаў для паскарэння транзакцый".

13 сакавіка на рахунак фонду паступіў грант для Каардынацыйнай рады — каля 107 тысяч долараў. "Кіберпартызаны" заяўляюць, што з імі атрыманне гранту не ўзгаднялася і пра такое выкарыстанне рахунку яны не ведалі.

У сакавіку Мельнікава, паводле звестак "Кібераў", за некалькі аперацый вывела з фонду ўсе грошы — як грант Каардынацыйнай рады, так і грошы на праекты Партызанскага Тэлеграма і дапамогу ў журналісцкіх расследаваннях (каля 30 тысяч долараў). Самыя буйныя пераводы былі зробленыя 5 і 18 сакавіка.

"Нам невядомыя матывы, праз якія Мельнікава вырашыла прысвоіць чужыя сродкі і ўцячы пасля многіх месяцаў кампетэнтнай працы з добрай рэпутацыяй. Гэта магло быць праз шантаж ці яе добраахвотнае рашэнне. У любым выпадку па факце крадзяжу пададзеная заява ў праваахоўныя органы Польшчы", — дадаюць "Кіберпартызаны".

Група заяўляе, што страта сродкаў можа часова замарудзіць працу над праектамі Партызанскага Тэлеграма і дапамогу ў журналісцкіх расследаваннях. Але гэта не закранае працу "Кібераў" па ўзломе сетак рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.