Лявончык распавёў, каму заплаціць за відэа з Мельнікавай

Аляксей Лявончык

Аляксей Лявончык / Еўрарадыё

Актывіст Аляксей Лявончык, які збіраў грошы на інфармацыю аб знаходжанні зніклай спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, распавёў у каментары REFORM, каму заплаціць. І патлумачыў, чаму не верыць у рэальнасць тых відэазапісаў, якія ўжо атрымаў.

НАПЯРЭДАДНІ блогер і палітвязень Сяргей Ціханоўскі сцвярджаў, што бачыў відэазапіс, на якім Зніклая экс-спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава "на волі".

"Я з Мельнікавай не знаёмы, — кажа Ціханоўскі. — Але магу сказаць, што да мяне хлопцы звярталіся, паказвалі відэа, што Мельнікава на волі".

Са слоў Ціханоўскага таксама вынікае, што сам Лявончык з людзьмі, у чыім распараджэнні знаходзіцца відэа, на сувязь не выходзіць. Ён выказаў здагадку, што найбліжэйшым часам гэта відэа можа з'явіцца ў публічным доступе.

"Нам дасылаюць кучу відэа, але большая частка з іх — гэта мантаж старызны. Я рэагую толькі ў тых выпадках, калі лічу, што магу адназначна пацвердзіць хоць бы нейкую перспектыўнасць і сапраўднасць. Некаторыя хочуць грошы наперад, а Відэа потым", — патлумачыў Лявончык.

Актывіст і кіраўнік фонду ByHelp сцвярджае, што пакуль ніхто з тых, хто выходзіў з ім на сувязь, не змог даказаць сапраўднасць відэа ці даць "дастаткова фактуры для праверкі".

"Мне не дасылалі нічога, на падставе чаго можна было б хаця б з мінімальнай ступенню ўпэўненасці сцвярджаць, што Мельнікава знаходзіцца ў Беларусі. Пакуль што мне дасылалі альбо мантаж старызны, альбо адкрытыя фэйкі, альбо зусім кароткія кліпы, альбо славесныя сцвярджэнні аб тым, што такія Відэа існуюць", — распавёў Аляксей.

Ён абяцае заплаціць толькі таму інфарматару, які зможа даць верыфікуемыя матэрыялы, якія паведамляюць факты пра нядаўняе месца знаходжанне Мельнікавай.

Былая лідарка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава не выходзіць на сувязь з канца сакавіка 2025 года. Вядома, што ў канцы лютага жанчына вылецела з Варшавы ў Лондан, а затым — на Шры-Ланку і ў Дубай. Больш пра яе лёс нічога не вядома. Па дадзеных "Кіберпартызан", у 2023 годзе яна лётала на Кубу з Аляксеем Лабеевым, які лічыцца агентам КДБ. Невядома, ці ведала Мельнікава пра яго супрацоўніцтва са спецслужбамі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.