За пераказ паведамленняў з чата сакратара КР не пусцілі на шведскі івэнт

Больш павагі

Больш павагі / Еўрарадыё

Стала вядома, чаму шведская арганізацыя адклікала запрашэнне Івана Краўцова на свой івэнт. Нагодай стаў пераказ паведамленняў сакратара Каардынацыйнай Рады ў "Чаце рэфарматараў і рэфарматарак".

"Запрашэнне было адкліканае пасля таго, як SILC прачытаў артыкул [у лісце даюць спасылку на матэрыял "Нашай Нівы", — Еўрарадыё], у якай Сакратар зрабіў заявы ў дачыненні да нядаўняй прамовы Святланы Ціханоўскай у Еўрапейскім парламенце", — пішуць арганізатары інвэнту ў адказ КР і МЗС Швецыі, з тэкстам ліста азнаёмілася нашая рэдакцыя.

Цытаты, якія прыводзяць арганізатары, — рэзкія выказванні Івана Краўцова ў папулярным сярод палітызаванай эміграцыі тэлеграм-чаце.

"Мерапрыемства, на якое быў запрошаны Сакратар, уяўляла сабой невялікую сустрэчу ліберальных партнёраў для абмену досведам у давернай абстаноўцы. Таму было важна, каб гэтыя размовы праходзілі ў атмасферы ўзаемнай павагі і адкрытасці".

Таксама арганізатары пішуць, што "павага адзін да аднаго і ўдзел у цывілізаванай дыскусіі, заснаванай на пытаннях палітыкі, а не на асабістых нападках, — гэта важная частка дэмакратыі".

Напрыканцы арганізатары паведамілі, што працуюць дзеля дэмакратыі, і яе каштоўнасці мусяць таксама адлюстроўвацца "у паводзінах і мове нашых партнёраў".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.