Вінаватымі ў сёлетнім дэфіцыце бульбы ўлады назвалі фермераў

Бульба, ілюстрацыйнае фота

Бульба, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Сёлетні дэфіцыт бульбы ўзнік праз тое, што сельскія гаспадаркі не выконвалі падпісаныя дамовы з гандлёвымі сеткамі. Да такой высновы прыйшлі чыноўнікі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю, якія расследавалі прычыны бульбянога крызісу ў беларускіх крамах, піша газета "Рэспубліка".

Чыноўнікі выявілі некалькі беларускіх фермерскіх гаспадарак, якія падпісалі з гандлёвымі сеткамі дагаворы на пастаўкі, але не выканалі іх  — бульбу прадалі за мяжу, бо там цэны былі ў 2,5-3 вышэй, чым у Беларусі. У такіх умовах вытворцы былі зацікаўленыя пастаўляць прадукцыю на экспарт.

"Пры гэтым ніхто не здымаў з іх абавязку адгружаць прадукцыю паводле дагавораў, заключаных з гандлёвымі арганізацыямі... Разам з тым вытворцы пачалі хітраваць са схемамі, ставячы ў першую чаргу эканамічны інтарэс пры рэалізацыі. Праз гэта ўвесну на ўнутраным рынку ўзнік дэфіцыт", — заяўляе міністар гандлю Артур Карповіч.

Напрыклад, гаспадарка "Гарызонт Мастоўскага раёна" падпісала дамову аб пастаўцы ў красавіку ў гандлёвую сетку 200 тон бульбы. Але паставіла толькі 900 кг — "зыходзячы са сваіх асабістых карыслівых інтарэсаў", заяўляюць у выданні. А ў траўні пры падпісаным дагаворы на 200 тон не паставіла ўвогуле нічога. Пазней фермерская гаспадарка, якой кіруе дэпутат абласнога савета, свае абавязанні выканала.

Паведамляецца пра яшчэ некалькі такіх выяўленых выпадкаў — з фермерскай гаспадаркай "Яблыневы сад" Гомельскай вобласці, РУП "Талачынскі кансервавы завод" Віцебскай вобласці, а таксама іншымі фермерамі.

Паводле міністра гандлю, з 12 ліпеня ў Кодэксе аб адміністрацыйных правапарушэннях набылі моц змены, якія дазваляюць караць за такія дзеянні. За непастаўку ці недапастаўку паводле заключанай дамовы прадукцыі са стабілізацыйных фондаў для агульнанацыянальных патрэбаў, а таксама недахоп прадукцыі ў краме ў міжсезонны перыяд службовую асобу могуць аштрафаваць на суму ад 5 да 12 базавых велічыняў, а юрыдычную асобу — ад 20 да 200 базавых велічыняў (цяпер адна базавая складае 42 рублі).

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.