У Гродне ў злодзея сябры скралі скрадзеныя ім раней грошы і каштоўнасці

Як паведамілі ва УУС Гродзенскага аблвыканкама, у Мінску мужчына скраў 5000 долараў, 300 тысяч расійскіх рублёў і залатыя ўпрыгожванні. З усім гэтым прыехаў на сустрэчу з сябрамі ў Гродне. На знятай кватэры ў абласным цэнтры ў яго ў ходзе застолля выкралі ўсю здабычу. Не прыдумаўшы нічога лепш, "пацярпелы" выклікаў міліцыю, паведамляе БелаПАН.

Аператыўныя супрацоўнікі крымінальнага вышуку Ленінскага райаддзелу міліцыі ў ходзе расследавання натыкнуліся на заяву аб крадзяжы, якую ў красавіку гэтага года прымалі сталічныя калегі. Зараз выкрадальнікі затрыманыя, далейшы іх лёс вызначыць суд.