Начальнік міліцыі Брагіна страляў у сваю жонку
Сяргей Нязнаеў / "Маяк Палесся"
Начальнік Брагінскага РАУС, палкоўнік міліцыі Сяргей Нязнаеў апынуўся за кратамі пасля таго, як страляў у сваю жонку. Пра гэты выпадак расказаў экс-палітвязень блогер Ігар Лосік.
Блогер аказаўся з былым міліцыянтам у адной камеры СІЗА КДБ. Паводле Лосіка, Нязнаеў напіўся і стрэліў у сваю жонку Аксану. "Пашанцавала: літаральна некалькі міліметраў лявей — і яна б не выжыла", — піша блогер. Ён дадае, што 46-гадовага экс-палкоўніка ўжо асудзілі, але дакладны прысуд невядомы.
У 2020 годзе Нязнаеў быў першым намеснікам начальніка РАУС у Карме і дэпутатам мясцовага райсавета. У той час яго імя трапіла на Чорную карту Беларусі: міліцыянт даваў у судзе хлуслівыя паказанні супраць удзельнікаў пратэстаў, піша "Наша Ніва". У лютым 2021-га Нязнаеў быў дэлегатам Усебеларускага народнага сходу. У канцы таго ж года ён пайшоў на павышэнне — узначаліў Брагінскі РАУС.