Тэлефонныя махляры дабраліся да дзяцей: пагражалі адправіць бацькоў у турму

Шкода — звыш 100 тысяч у валюце

Шкода — звыш 100 тысяч у валюце / pixabay.com

11-гадовае дзіця стала ахвярай тэлефонных ашуканцаў. Пяцікласніку патэлефанаваў нібыта супрацоўнік "Белтэлекама", які выманіў у хлопчыка даныя бацькоў. Пасля гэтага з ім звязаўся невядомы, які прадставіўся супрацоўнікам праваахоўных органаў і, пагражаючы адправіць дарослых у турму, а школьніка — ў дзіцячы дом, запатрабаваў тэрмінова "задэклараваць" усе наяўныя ў доме грошы, паведамляе МУС.

Спалохаўшыся, дзіця забрала з сямейнага сейфа 30 000 еўра і ювелірныя вырабы на суму 70 000 долараў. Наяўныя грошы і каштоўнасці яно схаваў пад балконам, адкуль іх забралі зламыснікі.

Узбуджаная крымінальная справа за махлярства. Устанаўліваюцца ўдзельнікі злачыннай схемы.

У МУС адзначаюць, што зламыснікі ўсё часцей уздзейнічаюць на дзяцей: запалохваюць, ціснуць на пачуццё віны і адказнасці, прымушаючы выконваць іх указанні.

Міліцыя нагадвае, што яе супрацоўнікі, работнікі банкаў і іншых устаноў не тэлефануюць грамадзянам і не просяць па тэлефоне здзяйсняць якія-небудзь аперацыі з грашыма.

Бацькам варта папярэдзіць пра гэта сваіх дзяцей і растлумачыць ім, што пры атрыманні падобных званкоў або паведамленняў неабходна спыніць размову і без прамаруджвання паведаміць пра гэта дарослым.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.