Пад варту ўзялі гродзенскага блогера, які збіраў грошы на 9-гадовага Ваню
Міхаіл Драгун / фота з Інстаграм-акаўнту
Пад варту ўзялі 17-гадовага гродзенскага блогера Міхаіла Драгуна, які раней быў пад падпіскай аб нявыездзе. У дадатак да ранейшай справы пра махлярства ў асабліва буйным памеры на Драгуна пачалі новую — за паклёп (арт. 188 КК), паведамляе Следчы камітэт.
Вывучыўшы тэлефон Драгуна, следчыя выявілі, што ён публікаваў ілжывыя звесткі пра 18-гадовую гродзенку. Ён сябраваў з дзяўчынай, але ў сацсетках абвінаваціў яе ў крадзяжы 50 тысяч рублёў.
На допыце Драгун сваю віну не прызнаў і заявіў, што сяброўка яго "кінула на грошы".
Расследаванне крымінальнай справы працягваецца. Таксама следчыя лічаць, што Драгун прыўлашчыў больш за 60 тысяч рублёў. А больш за 100 тысяч рублёў хлопец прайграў на стаўках. Цяпер следчыя вывучаюць фінансавыя дакументы. Паводле іх, Драгун — адзіны, хто не пагадзіўся пералічыць заблакаваныя на яго рахунку грошы на лячэнне маленькага Вані. Гродзенец нібыта сцвярджаў, што гэтыя грошы прызначаныя для куплі прызоў для яго падпісчыкаў.
Таксама паведамляецца, што Драгун стаіць на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх, бо кіраваў машынай без правоў. За час навучання ён змяніў пяць школ, бо яму "не падабалася". Цяпер блогер нідзе не вучыцца і не працуе — ён кажа, што жыве за кошт блога і рэкламы, але ІП не рэгістраваў.
Пра затрыманне 17-гадовага Міхаіла Драгуна і яго 37-гадовай сяброўкі Яўгеніі Тарасенка стала вядома месяц таму. Раней яны заявілі, што збіраюць грошы на дапамогу 9-гадоваму гродзенцу Ваню, які хварэе на міядыстрафію Дзюшэна-Бекера. Блогеры абяцалі частку сабраных грошай аддаць на лячэнне дзіцяці, а частку — выдаткаваць на падарункі людзям.
Калі іх затрымалі аператыўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі, выявілася, што маці хворага хлопчыка перадалі толькі 200 тысяч з сабраных 1,5 мільёна рублёў. Яшчэ 315 тысяч рублёў блогеры патрацілі на падарункі ўдзельнікам стрыму. Астатнія каля мільёна рублёў яны скарысталі для паездкі на Мальдывы і ў ААЭ, арэнду элітнага жылля, азартныя гульні ды іншыя забавы.
На Драгуна і Тарасенка пачалі крымінальную справу за махлярства ў асабліва буйным памеры. Ім пагражае да 12 гадоў пазбаўлення волі.