Супрамат свядомасці. Чаму беларусы адмаўляюцца ўспрымаць харасмент як праблему

Ілюстрацыя на тэму харасмента / ООО "МЕЛ"
Гэтым летам беларусы даведаліся пра недарэчныя паводзіны адразу двух публічных асоб, якія прадстаўляюць беларускі грамадскі сектар, — кіраўніка “Байсол” Андрэя Стрыжака і намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага.
Акрамя правільных высноў ад гэтых падзей назіраюцца праявы публічнай рэакцыі, якія выдаюцца за выказванне “непапулярнага меркавання”.
Чаму частка беларусаў не хоча прыняць, што харасмент — гэта дрэнна? І чаму без гэтага прыняцця не атрымаецца рухацца далей? Разважае журналіст Тарас Тарналіцкі.
***
І жылі яны доўга і шчасліва. І памерлі ў адзін дзень.
Заходняя масавая культура стварыла цвёрдую ўпэўненасць, што напрыканцы любой, нават самай дрэннай гісторыі нас павінен чакаць добры канец. Шкада толькі, што сапраўднае жыццё разгортваецца зусім не па літаратурных шаблонах. Тут амбівалентна можа выглядаць і дабро, і праблемы не вырашаюцца па ўзмаху чароўнай палачкі.

Узяць хаця б шэраг свежых харасмент-скандалаў з удзелам публічных асобаў — кіраўніка “Байсол” Андрэя Стрыжака і намкіраўніка БАЖ Барыса Гарэцкага. Непрымальныя паводзіны выйшлі на паверхню, грамадства атрымала нагоду для разважанняў, рэфлексіі і прыняцця сітуацыі. Падавалася, што ж тут дрэннага? Рабі правільныя выносвы і жыві далей.
Але апынулася, што дрэнна літаральна ўсё. Адныя не паверылі ахвярам, якія вырашылі выказацца ананімна [але ў выпадку Стрыжак-гейта ў Еўрарадыё ёсць уся неабходная інфармацыя. — рэд.]. Іншыя пачалі шкадаваць мужчын, недарэчныя паводзіны якіх кінулі цень на імідж іх арганізацый. Трэція пачалі высоўваць канспіралагічныя тэорыі пра зліты кампрамат КДБ і несумленную канкурэнцыю за фінансавыя рэсурсы. А шмат хто так і не змог зразумець, у чым увогуле праблема, звёўшы не самую камфортную дыскусію да фарса з жартамі і мемамі.
Своеасаблівым маніфестам татальнага неразумення і кансерватыўнай ахоўнасці можна лічыць свежую калонку “Я прынёс табе дзікпік!” Адкуль такая пільная ўвага да прыватнага жыцця публічных асобаў беларускай эміграцыі?” публіцыста і былога намесніка старшыні "Маладога фронту" Алеся Кіркевіча, апублікаваную на сайце “Будзьмы”.
У ёй аўтар, сярод іншага, задаецца пытаннем: адкуль да прыватнага жыцця публічных асоб грамадскага сектара такая пільная ўвага? Маўляў, яна ж можа прывесці да пагаршэння ўмоваў працы саміх устаноў, дзе працуюць фігуранты спраў. А заканчваецца разважанне аперэтачнай патэтыткай, калі аўтар фактычна ўздымае рукі да неба і, гледзячы ў бездань грамадскага натоўпу, пытае: “Не разумею сутнасці прэтэнзіяў і самога факту “злачынства” — дзе яно?”.

Ды вось яно, Алесь. На самым бачным месцы. Тое, што вы называеце “прыватным жыццём” у іншым цывілізаваным свеце ўжо даўно лічыцца харасментам. Ці, каб было больш зразумела, прыставаннем. Гэта калі канкрэтныя паводзіны выклікаюць нязручнасць або шкоду для іншага чалавека, парушаюць недатыкальнасць яго/яе прыватнага жыцця.
Ці варта тлумачыць, што адпраўка фотаздымка з палавым органам без згоды яго атрымальніцы лічыцца злачынствам? Прычым не толькі ў краінах Еўрасаюза і ў ЗША, але і ў аўтарытарнай Беларусі, дзе рэжым трактуе гэта як “стварэнне і распаўсюджванне парнаграфіі”?
ЦІ варта тлумачыць, што жарт ці камплімент з сексуальным падтэкстам зусім не той узровень камунікацыі, які чакаеш ад людзей, што займаюць адказныя пасады ў арганізацыях, прэтэндуючых на праваабарону і дапамогу самаму шырокаму колу людзей? І проста злоўжыванне, хай і ненаўмыснае, сваёй уладай? Гэта адбіваецца на публічным іміджы арганізацый, на даверы да іх людзей і знешніх донараў, з якімі яны супрацоўнічаюць.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.