“Не становішся камуністам”: навошта падлеткі ідуць вывучаць кітайскую?

Насця Быкоўская 

Насця Быкоўская  / Архіў

— Гэта было цікава, але не лёгка. У нейкі момант мы зразумелі, што ў Насці ёсць складанасці і нанялі рэпетытара, — расказвае журналістка Вольга Быкоўская, чыя дачка 11 гадоў вывучала кітайскую мову ў мінскай гімназіі №23.

Сама Насця кажа, што нягледзячы на ўсе цяжкасці, яна ўдзячна бацькам, якія аднойчы не пабаяліся запісаць яе ў кітайскі клас. Але якая логіка ў тых, хто ідзе вывучаць кітайскую замест англійскай?

У інтэрв’ю Еўрарадыё дзяўчына і яе бацькі дзеляцца сваім досведам.

 

Рызыкнулі

Калі бацькі Насці прынеслі ў гімназію дакументы, у адміністрацыі запыталіся, якую замежную мову будзе вывучаць іх дачка — англійскую ці кітайскую. Тыя задумаліся: з аднаго боку, міжнародная англійская мова, канешне, спатрэбіцца, але яе можна вывучыць і на курсах. Кітайская ў гэтым сэнсе больш складаная, і тады чаму б не даць дачцэ шанец даведацца пра новую культуру падчас вучобы ў гімназіі?


— Мы не баяліся ніякай кітайскай прапаганды, — кажа Вольга. — Я лічу, што нашыя дзеці, якія размаўляюць па-беларуску і могуць існаваць пры цяперашняй ідэалогіі, здольныя разабрацца, што ім трэба браць з адукацыі, а што не.  

Бацькі вырашылі рызыкнуць.

 

Першыя гады вучобы і першыя іерогліфы

— У першых класах мы вывучалі кітайскую мову факультатыўна, — пачынае сваю гісторыю Насця. — Заняткі вялі студэнткі, якім падабалася выкладаць, і яны яшчэ памяталі, як складана пачынаць вывучаць кітайскую, таму атрымлівалася досыць цікава. З намі гулялі ў розныя пазнавальныя гульні, нас вучылі пісаць.

“Не становішся камуністам”: навошта падлеткі ідуць вывучаць кітайскую?
Вялікая Кітайская сцяна / Архіў Насці

Нават кітайская настаўніца не разумела нашых падручнікаў

Гімназія №23 — гэта беларускамоўная гімназія, але беларускіх падручнікаў па кітайскай мове нам не далі, маўляў, навошта для адной гімназіі рабіць такую працу. Нам выкладалі па-руску, але калі на заняткі прыходзілі праверкі, настаўнікі пераходзілі на беларускую мову.

Я ўвесь час заўважала, што расійскія падручнікі па кітайскай мове неаклуальныя. Там не разглядаліся тэмы, якія былі сапраўды патрэбныя. А ў старэйшых класах у падручніках былі такія словы і выразы, якімі карыстаюцца магістры кітайскай мовы — звычайныя кітайцы ў штодзёным жыцці іх не выкарыстоўваюць. Калі нас вучыла кітаянка па такому падручніку, яна ўвесь час шукала нейкую дадатковую інфармацыю, бо нават ёй было не ўсё зразумела.

Звычайна калі ў нас выкладалі заінтэрэсаваныя настаўнікі, яны замянялі падручнікі. Мы займаліся па кніжках, якія кітайцы выдавалі спецыяльна для вывучэння мовы замежнікамі.

Часцей за ўсё яны былі з перакладам на англійскую мову. Паколькі асноўная замежная мова ў нас была кітайская, а англійскую я вывучала трошкі дадаткова для сябе, мы разам сядалі і перакладалі (на шчасце, у тыя часы ўжо з’явіліся электронныя слоўнікі) — і гэта былі сапраўды цікавыя тэксты з кітайскіх падручнікаў.

“Не становішся камуністам”: навошта падлеткі ідуць вывучаць кітайскую?
Пекін / Архіў

Ледзь не сустрэліся з Джэкі Чанам

У 2013 годзе мы паехалі з аднакласнікамі ў Кітай. Паездка каштавала 1000 долараў, бацькі доўга збіралі на яе грошы. Памятаю, што калі я панесла іх у школу, знайшла на зямлі пяць еўра — якраз прыкладна столькі нам не хапала да поўнай сумы. Гэты быў адзіны выпадак, калі я знайшла на вуліцы ў Беларусі замежную валюту.

Мы паляцелі. Цікава, што нашу групу суправаджалі настаўнікі, якія не валодалі кітайскай мовай. То-бок, адзінымі, хто больш-менш ведаў кітайскую, былі дзеці.

Таму, калі ў Кітаі нас сустрэў той самы наш настаўнік, які там застаўся па праграме, мы вельмі радаваліся.

У Кітаі мы жылі ў горадзе Пекін, у гатэлі “Пекін”, вокны якога выходзілі не на вуліцу, а на калідор. Праз іх можна было спакойна залезці ў нумары. Мы былі ў шостым ці сёмым класе, гэта здзівіла і запомнілася.

Кітаянка, якая вадзіла нас на экскурсіі, добра ведала англійскую і кітайскую мовы. Мы вельмі шмат з ёй размаўлялі — атрымлівалася кітайска-англійская трасянка. Я тады зусім трохі ўмела размаўляць па-англійску, таму гэта была добрая практыка.  

Яшчэ памятаю, што мы хадзілі ў нейкі парк, а на наступны дзень прачыталі ў навінах, што калі б прыйшлі туды на гадзінку пазней, сустрэлі б Джэкі Чана. Але не супала…

“Не становішся камуністам”: навошта падлеткі ідуць вывучаць кітайскую?
Прывітанне з Пекіну! Насця / Архіў

Сустрэчы з дыпламатамі і моўны лагер

Вучыцца было цікава. Я памятаю, што нам заўсёды зайздросцілі вучні з англійскай паралелі, бо іх не вадзілі на розныя святы і сустрэчы ў кітайскую амбасаду. А нас для гэтага нават здымалі з заняткаў.

Яны зайздросцілі, бо не ведалі, што мы пасля такіх сустрэч вызваляемся не ў тры гадзіны дня, а ў шесць-восем вечара.

Я была пухленькай дзяўчынкай, а кітайцы вельмі-вельмі любяць такіх дзяцей. У іх лічыцца, што калі дзіця пухленькае, гэта значыць, што яно здаровае і добра есць. Калі да нас прыязджалі якія-небудзь госці з Кітая, мяне часта ставілі іх сустракаць, а тыя вельмі любілі мяне ціскаць.

Яшчэ некалькі гадоў запар я ездзіла ў моўны лагер ад ЮНЕСКА (ён праходзіў у Беларусі), таму была знаёма з кітайскімі амбасадарамі і іх жонкамі.

Добра было тое, што ў гэтым лагеры заняткі вялі толькі кітайцы. Некаторыя прыязджалі працаваць сем’ямі. Напрыклад, бацька вёў каліграфію, а сын — гімнастыку. Таксама ў нас былі танцы, чытанне, мы шмат малявалі.

Звычайна лагер доўжыўся тыдзень. Напрыканцы тыдня ладзілі конкурс талентаў. Мы выступалі і паказвалі, хто што ўмее. Напрыклад, я займалася на “беларускіх народных песнях”, таму даволі добра спявала (і па-кітайску таксама — разам з усімі).

Дарэчы, кітайцы вельмі рознабакова развітыя, бо ад самага дзяцінства яны шмат чым займаюцца, акрамя звычайных школьных прадметаў. Як прыклад, урокі мастацтва і музыкі ў іх ёсць да 12 класу. Праз гэта яны ўсе хоця б трохі, але ўмеюць і спяваць, і граць на якім-небудзь музычным інструменце, някепска малююць і мінімальна валодаюць каліграфіяй.

У лагеры мяне вельмі ўражвалі нашыя выкладчыкі. Напрыклад, спевы ў нас выкладала кітайская оперная спявачка, якая ў той час вучылася ў Беларусі. Падчас лагера яна кідала свае заняткі, працу і ехала да нас.

 

Цякучка была не толькі сярод настаўнікаў, але і сярод вучняў

Чытаючы нашае інтэрв’ю, шмат хто можа падумаць — як усё цікава! Сапраўды, але трэба разумець, што вучыцца кітайскай мове ў Беларусі не вельмі проста. Дзецям неабходна матывацыя.

“Не становішся камуністам”: навошта падлеткі ідуць вывучаць кітайскую?
Фота з кітайскага музея / Архіў

Што рабіць бацькам?

Слухаючы тое, што распавядае Насця, лёгка зразумець, што шлях вывучэння кітайскай мовы ў Беларусі складаны не толькі для вучняў, але і для іх бацькоў. Таму мы яшчэ раз звярнуліся да яе матулі, каб папрасіць парадаў, што будуць карысныя сем’ям з дзецьмі, якія будуць вывучаць кітайскую мову.

“Не становішся камуністам”: навошта падлеткі ідуць вывучаць кітайскую?
Кітайскі Новы год у сям'і Быкоўскіх / Архіў
“Не становішся камуністам”: навошта падлеткі ідуць вывучаць кітайскую?
У Кітаі / Архіў

— Як вы ставіцеся да таго, што ў Беларусі закрываюць моўныя курсы, а ў школах з кабінетаў англійскай мовы просяць прыбраць замежную культурную атрыбутыку і сувеніры?

— Я думаю, што нашыя чыноўнікі і Лукашэнка знаходзяцца ментальна ў Савецкім Саюзе. Яны думаюць, што такім чынам магчыма перашкодзіць людзям з'язджаць. Але каб людзі не з'язджалі, трэба ствараць умовы ўнутры краіны. Каб не было палітычных рэпрэсій, каб эканоміка была лагічнай, свабоднай і рынкавай. І тады людзі не будуць з'язджаць, а будуць вучыць мовы для турызму.

Забараняць вучыць нейкія мовы бессэнсоўна. Цяпер ёсць шмат ютуб-каналаў для гэтага, а ў 2021 годзе беларусы ўвайшлі ў топ-5 самых руплівых вучняў замежных моў праз Duolingo. Гэта не дзіўна, проста ў нашай краіне стварылася сітуацыя, калі нам прыйшлося тэрмінова авалодваць новымі ведамі.

Я супраць забарон, бо мовы адкрываюць нам свет. Ніякі штучны інтэлект не заменіць чалавека, які вывучыў мову. Таму я заклікаю ўсіх, збіраецеся вы пераязджаць ці не, вучыцца. Мовы робяць нас багацейшымі. Аддавайце дзяцей вучыць мовы, пакуль яны ходзяць у школы, бо ніколі пасля ў іх не будзе столькі вольнага часу.  

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.