Экспарт бензіну з Беларусі ў Расію вырас у чатыры разы — Reuters

Бензін, ілюстрацыйнае фота
Беларусь рэзка павялічыла пастаўкі бензіну ў Расію. Гэта адбылося на фоне паліўнага крызісу. Як піша агенцтва Reuters са спасылкай на галіновыя крыніцы, у верасні экспарт бензіну па чыгунцы з Беларусі ў РФ вырас у чатыры разы ў параўнанні са жніўнем.
Паведамляецца, што ў верасні Беларусь паставіла ў Расію 49 тысяч тон бензіну, што эквівалентна прыкладна 14,5 тысячы барэляў за дзень. Паралельна Беларусь адправіла ў РФ каля 33 тысяч тон дызельнага паліва.
На расійскім рынку ўзнік дэфіцыт паліва пасля ўдараў украінскіх дронаў па энергетычнай інфраструктуры РФ. Аб'ектамі атак сталі расійскія нафтаперапрацоўчыя заводы ды іншыя аб'екты энергетыкі.
У некалькіх рэгіёнах Расіі абмежавалі продаж паліва, а цэны часова замарозілі. Масква таксама абмежавала экспарт бензіну і дызелю, каб стабілізаваць сітуацыю ўнутры краіны.
Паведамлялася таксама, што расійскае кіраўніцтва прапануе ў шэсць разоў павялічыць імпарт бензіну з Беларусі — у параўнанні з вераснёўскімі пастаўкамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.