Расія хоча значна павялічыць імпарт бензіну з Беларусі
Расія адчувае катастрафічны дэфіцыт бензіну, ілюстрацыйнае фота
Да 300 тысяч тон у месяц прапануецца павялічыць пастаўкі беларускага бензіну ў Расію. Пачаць мяркуецца ўжо ў кастрычніку. Такую прапанову агучыў расійскі віцэ-прэм'ер Аляксандр Новак у сваім звароце да кіраўніка ўрада РФ Міхаіла Мішусціна, піша "Коммерсант".
У верасні аб'ём паставак беларускага бензіна ў Расію ацэньваецца ў 45 тысяч тон. Такім чынам, пастаўкі павінны вырасці больш чым у шэсць разоў. Новак прапануе павялічыць імпарт паліва за кошт бесперабойнай працы сістэмы "Транснафта" і запуску давальніцкай перапрацоўкі нафты.
Звязана гэта з вялізным дэфіцытам бензіну ў Расіі. Паводле інфармацыі "Коммерсанта", цяпер на расійскім рынку недастае каля 20% ад месячнага аб'ёму спажывання бензіну — прыкладна 400 тысяч тон з 2 млн тон. Эксперты характарызуюць сітуацыю як крытычную.
Адной з галоўных прычын дэфіцыту бензіну сталі ўдары ўкраінскіх беспілотнікаў па нафтаперапрацоўчых заводах. Агулам, як засведчыла расійскае даследаванне, украінскія дроны вывелі са строю шостую частку нафтаперапрацоўкі РФ.