“Калі нешта муляе — жывеш”: эміграцыя і каханне ў кнізе Анкі Упалы

Пісьменніца і перакладчыца Анка Упала

Пісьменніца і перакладчыца Анка Упала / асабісты архіў

Летась Анка Упала выпусціла аповесць пад назвай “Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў”. Кнігу можна чытаць як працяг папярэдняга раману пісьменніцы “На заснежаны востраў” (пра жыццё ў іншай краіне), а можна — як асобны твор. Крытыкі кажуць пра яго кінематаграфічнасць. Аўтарка не супраціўляецца — на яе стыль сапраўды паўплывала паўночнаеўрапейскае кіно з яго бесстароннім рэалізмам.

У аповесці “Раз на дваццаць пяць тысяч гадоў” галоўная гераіня, Алена, зноў едзе ў Стакгольм — каб папрацаваць у архівах і сустрэцца з сяброўкай Тунці — дзяўчынай афрыканскага паходжання. Акрамя шведскай лініі ў аповесці ёсць і беларуская — Алене робяць аперацыю ў мінскай бальніцы, яна ходзіць купацца на Цнянку. Камунікацыя і складанасці стасункаў з людзьмі — галоўная тэма твора.

“Ад гэтай кнігі дакладна не стане горш, а можа нават стане лепш”, — пішуць крытыкі. І мы ім верым. Тым больш, што кніга ўвайшла ў шорт-ліст літаратурнай прэміі імя Ежы Гедройця. Анка Упала стане госцяй сумеснага стрыму Еўрарадыё і беларускага ПЭН-цэнтру. Стартуем а 19-й па Мінску. Далучайцеся!

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.