"Ненадзейны партнёр": як развіваецца "дружба па зброі" паміж Беларуссю і КНР

Пекін / china.mfa.gov.by
Беларускія ўлады не першае дзесяцігоддзе хваляцца "ўсепагодным партнёрствам " і гандлем з Кітаем. Беларусь прадае ў КНР угнаенні, драўніну, мясныя прадукты, а наўзамен атрымлівае тэхніку, электроніку і адзенне. Але пра супрацоўніцтва ў сферы ВПК афіцыйныя асобы звычайна кажуць не так адкрыта.
Еўрарадыё вырашыла прыгледзецца, што ўяўляе беларуска-кітайскае супрацоўніцтва ў ваенна-прамысловай сферы.
Пік застаўся ў мінулым (пакуль што)
Ваеннае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Кітаем дасягнула свайго піку ў 2010-х гадах, але пасля 2020 года пачало прыкметна скарачацца, пакінуўшы толькі асноўныя напрамкі.

Такую тэндэнцыю прасачыў Паўло Радзь, навуковы супрацоўнік, эксперт праграм расійскіх і беларускіх даследаванняў у аналітычным цэнтры "Украінская прызма".
— [Супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў ваеннай сферы] знаходзіцца ў пэўнай паўзе, таму што, калі параўноўваць сітуацыю з той, што была да 2020 года, калі Беларусь і Кітай рэалізоўвалі шэраг значных і важных, у першую чаргу для Мінска, праектаў, такіх як стварэнне РСЗА "Паланэз", як мадэрнізацыя беларускіх ЗРК з выкарыстаннем кітайскіх тэхналогій, цяпер гэтага няма, супрацоўніцтва знаходзіцца ў такім, я б сказаў, часткова згорнутым варыянце.
Бакі працягваюць супрацоўнічаць у сферы паставак электронікі і вытворчасці цяжкіх колавых шасі. Але, па словах украінскага эксперта, маштабы супрацоўніцтва нават па гэтых асноўных напрамках сталі значна менш у параўнанні з тым, што было да 2020 года.
— Я думаю, што цяпер Кітай назірае за тым, як будзе развівацца сітуацыя ў Беларусі, і, магчыма, ужо пазней будзе гатовы ў пэўнай ступені актывізавацца ў кантэксце ўзаемадзеяння з Мінскам.
У асноўным, як кажа Паўло Радзь, абедзве краіны выкарыстоўваюць гэтае супрацоўніцтва для мадэрнізацыі сваіх узброеных сіл і вырабу новай тэхнікі.
Асноўныя беларуска-кітайскія праекты
Самы галоўны кірунак, па якім супрацоўнічаюць Кітай і Беларусь у ваенна-прамысловай вытворчасці, гэта колавыя шасі. У 1997 годзе ў Кітаі з'явілася прадпрыемства "Санцзян Волат Компані, Лтд.", якое займаецца вытворчасцю цяжкіх і звышцяжкіх ваенных аўтамабіляў, а таксама спецыяльных шасі пад маркай Wanshan. Заснавальнікамі выступілі з беларускага боку — Мінскі завод колавых цягачоў (МЗКЦ), з кітайскага боку — аэракасмічная карпарацыя "Санцзян". Паступова доля беларускіх кампанентаў знізілася з 70% да 30%.
У 2009 годзе МЗКЦ і "Санцзян" стварылі сумесную вытворчасць па выпуску гідрамеханічных перадач (ГМП) для цяжкіх аўтамабіляў і колавых цягачоў — ТАА "Волат-Санцзян" у Мінску.
Вядома таксама аб супрацоўніцтве Кітайскай акадэміі Ракетна-носьбіцкіх тэхналогій (CALT), якая ўваходзіць у склад Кітайскай аэракасмічнай навукова-тэхнічнай карпарацыі (CASC), з Заводам дакладнай электрамеханікі.
У 2014 годзе іх асноўным праектам была рэактыўная сістэма залпавага агню (РСЗА) "Паланэз", якая выкарыстоўвае дальнабойныя высокадакладныя ракеты кітайскай вытворчасці.

Гаворка ідзе пра дальнабойныя ракеты А200 (далёкасць да 200 км). Пазней Завод дакладнай электрамеханікі асвоіў вытворчасць мадэрнізаванай РСЗА" Паланэз-М", якая здольная несці ракеты з далёкасцю палёту да 300 км.
У 2019 годзе завод пры падтрымцы Кітая хацеў стварыць на аснове ўласнай "Паланэз-М" аналаг расейскага "Іскандэра". Больш пра гэта не пісалі. Але Беларусь атрымала "Іскандэр-М" у 2022 годзе ад Расеі, ракеты могуць быць носьбітамі ядзернай зброі.
Як піша Паўло Радзь у дакладзе, кааперацыя ў сферы ракетнага ўзбраення таксама ахоплівала мадэрнізацыю беларускіх ЗРК.
"У 2017 годзе кітайская абаронная кампанія ALIT (Aerospace Long-Mach International Trade) падпісала кантракт на пастаўку цвёрдапаліўных ракетных рухавікоў для мадэрнізацыі беларускіх ЗРК "Бук" да версіі "Бук-МБ2". Мадэрнізаваная ракета 9М318 дазваляе збіваць лятальныя апараты тыпу "Стэлс" і тактычныя балістычныя ракеты на адлегласці да 70 км. Цяпер ракета праходзіць выпрабаванні, і цалкам верагодна, што ў бліжэйшы час мадэрнізаваныя ЗРК "Бук-МБ2" пачнуць паступаць у беларускія воінскія часці", — прыводзіцца ў дакладзе.
Вядома, што 558-ы авіярамонтны завод займаецца рамонтам, у тым ліку знішчальнікаў Су-27, Ан-2 і верталётаў Мі-8, якія знаходзяцца на ўзбраенні арміі КНР.
Акрамя гэтага, у пачатку 2000-х Беларусь і Кітай пачалі наладжваць супрацоўніцтва ў сферы касмічных тэхналогій. У наступным дзесяцігоддзі асноўным агульным праектам стала стварэнне нацыянальнай сістэмы спадарожнікавай сувязі і вяшчання Беларусі пад назвай Belintersat-1.
У 2016 годзе спадарожнік адправіўся на арбіту Зямлі з кітайскага касмадрома Сечан. Цяпер супрацоўніцтва ў сферы электронікі існуе, але ў меншых аб'ёмах, напрыклад, у 2024 годзе ААТ "Інтэграл" абяцаў паставіць у Кітай прадукцыю на суму больш чым $7 млн.

Больш пладавітым выглядае абмен вопытам у сферы БПЛА. Беларускае Міністэрства абароны актыўна купляе кітайскія дроны, напрыклад, Chimera CX10, Dragonfish Standard і іншыя. Таксама беларускія вайскоўцы спрабавалі распрацаваць беспілотнік, выкарыстоўваючы кітайскія камплектуючыя, але з AliExpress. Такі казус быў зафіксаваны ў 2022 годзе з БПЛА "Міратворац". Але ва ўкраінскім дакладзе пішуць, што масавае выкарыстанне кітайскіх камплектуючых у вытворчасці беларускіх дронаў не зафіксавана.
Тым не менш у Беларусі знаходзяцца такія кампаніі, як "Авіяцыйныя тэхналогіі і комплексы". Гэта кітайска-беларускае сумеснае прадпрыемства, якое спецыялізуецца на вытворчасці беспілотных авіяцыйных комплексаў, а таксама сучаснай звышлёгкай пілатуемай авіяцыйнай тэхнікі двайнога прызначэння. Або ТАА "Навукова-тэхнічная кампанія БПЛА Цяньюй Чан'ин (МСК)" — адно з вядучых прадпрыемстваў Кітая ў галіне распрацоўкі і вытворчасці інтэлектуальных беспілотных сістэм. Яны з'яўляюцца рэзідэнтамі тэхнапарка "Вялікі камень".
Аднабаковае супрацоўніцтва
Па словах прадстаўніка BELPOL Уладзіміра Жыгара, згаданыя вышэй кампаніі маюць праекты з Кітаем па беспілотнікам розных відаў, як правіла, неваенных, "хоць сітуацыя можа змяніцца".
— У цяперашні час на тэрыторыі Беларусі вырабляюцца (знаходзяцца на той ці іншай стадыі (праект, распрацоўка, выпрабаванне, падрыхтоўка да прыняцця на ўзбраенне) каля 33-35 тыпаў і відаў БПЛА (тып: ударны, выведвальны, навучальны / від: малагабарытны, БПЛА тактычнага радыусу дзеяння і г.д.)). Частка з іх прайшла "паспяховае выпрабаванне" ва Украіне. Да такіх БПЛА адносяцца: "Чакан", "Міратворац", "Міратворац-У", "Аскалон". Усяго ж Беларусь у РФ за апошнія гады прадала больш за 1000 ударных БПЛА. У будучыні 5-7 тыпаў БПЛА, якія паказалі сябе з найлепшага боку, будуць масава вырабляецца ў Беларусі.

Уладзімір Жыгар таксама адзначае, што супрацоўніцтва Беларусі і Кітая ў асноўным аднабаковае.
— Узаемадзеянне вельмі разнастайнае: станкі, вытворчыя лініі, асобныя камплектуючыя (тыпу лінзаў, датчыкаў, энкодэраў і г.д.). З Кітая прыязджаюць спецыялісты для наладкі ўстаноўленага абсталявання і настройкі яго пад тэхналагічны працэс. Таксама некаторыя беларускія прадпрыемствы адпраўляюць у Кітай заказы на вытворчасць тых ці іншых кампанентаў або вузлоў (як у выпадку з прыцэламі ПКП, калі заказ яны ўзялі, але вытворчыя магутнасці не дазвалялі гэта рабіць у Беларусі ў такіх аб'ёмах).
Закупкі і санкцыі
Кітай працуе з вялікай колькасцю беларускіх падсанкцыйных прадпрыемстваў, якія задзейнічаны ў выкананні дзяржабаронзаказу, адзначае Уладзімір Жыгар.
— Пастаўляюць абсталяванне, камплектуючыя, вытворчыя лініі, накіроўваюць сваіх рабочых на беларускія прадпрыемствы для наладкі гэтага абсталявання. Таксама кітайскія кампаніі часцяком выступаюць у якасці "пракладак" (пасярэднікаў) пры выкананні тых ці іншых кантрактаў.
Адным з такіх прыкладаў было красавіцкае расследаванне BELPOL пра супрацоўніцтва ААТ "Планар" з кітайскай кампаніяй Shenzhen Yuxing Machinery.
Вядомыя яшчэ выпадкі, калі кітайская кампанія Green Cycle Energy пастаўляла беларускаму холдынгу "БелОМА" кампаненты для лазерных сістэм навядзення. Як вядома, прадпрыемства актыўна вырабляе зброю, якая выкарыстоўваецца Расіяй у вайне з Украінай, і кітайская фірма экспартавала ключавыя модулі нават пасля таго, як Захад увёў санкцыі супраць кампаніі.

У гэтым ланцужку была заўважаная яшчэ адна кітайская кампанія — Morotack (Tianjin) Technology. Гэтая кампанія падпісала кантракт на пастаўку "Дыяпраектару", які ўваходзіць у групу "БелОМА", 200 ключавых кампанентаў для сучасных сістэм навядзення.
Таксама праз расійскую кампанію "Прэцызійныя лазерныя сістэмы" "Дыяпраектар" атрымаў кампаненты, сярод якіх былі лазерныя дыёды, вырабленыя кітайскай кампаніяй Haucore.

Плюс гэта больш выгадна Беларусі з пункту гледжання палітычных інтарэсаў, таму што яно дазваляе ў пэўнай ступені збалансаваць расейскі ўплыў, у тым ліку ў сферы ВПК. І калі памяншаецца доля расейскага рынку ў экспарце прадукцыі, як гэта было да 2020 года, то гэта, відавочна, на руку афіцыйнаму Менску. Але цяпер тэндэнцыі негатыўныя, і Расея фактычна стала манапольным гульцом на беларускім рынку ўзбраенняў і, па сутнасці, адзіным імпарцёрам Беларускай ваеннай прадукцыі.
З гэтага напрошваецца выснова, што за прыгожымі словамі і гучнымі заявамі аб супрацоўніцтве з Беларуссю, Кітай трымае ў гэтых адносінах дыстанцыю. Прычым не толькі ў ваеннай сферы, але і ў эканамічнай, і ў палітычнай.

Паўло Радзь лічыць, што вяртанне больш актыўных дзеянняў у супрацоўніцтве з Мінскам магчыма, але толькі калі зменіцца знешнепалітычная сітуацыя ў Беларусі і калі "рэжым, скажам, стане больш канструктыўным і прадказальным партнёрам".
— Але пакуль у Беларусі няма адэкватных стасункаў ні з Украінай, ні з суседзямі на заходняй мяжы, хутчэй за ўсё, Кітай не будзе праяўляць асаблівай цікавасці да таго, каб, скажам, больш актыўна ўзаемадзейнічаць з Менскам. Я думаю, кітайцы не хочуць рызыкаваць тым, што раптам нейкія тэхналогіі апынуцца ў ненадзейных руках.
Ці нясе беларуска-кітайскае супрацоўніцтва пагрозу Еўропе і Украіне?
Паўло Радзь лічыць, што з-за невялікага аб'ёму беларуска-кітайскага ўзаемадзеяння пакуль што цяжка ўявіць рэальную пагрозу ад яго для Еўропы ці для Украіны.
— Пагрозу хіба што ўяўляе той факт, што Кітай прадае або перадае Беларусі час ад часу абсталяванне, станкі, якія выкарыстоўваюцца на беларускіх заводах, якія ускосна займаюцца вытворчасцю вайсковай прадукцыі для патрэб Расіі. Такія выпадкі былі зафіксаваныя, плюс Кітай таксама дапамагае ў абыходзе санкцый. Гэта тыя два напрамкі, якія могуць прадстаўляць пагрозу для Украіны, але гэта хутчэй, скажам, не прамая пагроза, а больш апасродкаваная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.