Права першай ночы: як Кітай паказвае, хто ў Беларусі гаспадар. Меркаванне

Як на ультрасучасным газоне Нацыянальнага стадыёна ў Мінску разгортваецца геапалітычнае супрацьстаянне / bel.football
Хто б мог падумаць у памятным 2020 годзе, што новы футбольны стадыён у Мінску, які пачаў будаваць Кітай за свае грошы, стане арэнай геапалітычных гульняў. Не пабаюся сказаць — геапалітычных бітваў. За Беларусь. Паміж Кітаем і Расіяй.
Піша Максім Камэрэр
Можна было б, напэўна, ганарыцца гэтым фактам, але ад такіх падзей вее ледзяной трывогай.
Мы ўважліва сочым за стварэннем Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Нас трывожыць рост эканамічнай залежнасці ад усходняга суседа. Асабліва ўдзел беларускіх прадпрыемстваў у расійскім ваенна-прамысловым комплексе. Уганяе ў жах ваеннае супрацоўніцтва, ці, хутчэй, ціхае паглынанне.
Здавалася, што галоўным ворагам нашай незалежнасці і суверэнітэту з'яўляецца Расія. Пакуль з туману вайны не стаў вымалёўвацца сілуэт Кітая.
І вось тут мы падыходзім да шматпакутнага Нацыянальнага стадыёна. Які, нагадаю, будуе нам Кітай.
Калі на гарызонце замаячылі тэрміны здачы гэтага ультрасучаснага спартыўнага аб’екта, футбольныя чыноўнікі пачалі будаваць планы — якую ж першую гульню правесці на гэтай шыкоўнай арэне?

І закруціліся шасцярэнькі арганізацыі матчу. Пакуль не здарылася нешта неверагоднае. З далёкага ўсходу нехта тупнуў нагой — і першы матч на новай арэне будзе паміж моладзевымі зборнымі Беларусі і Кітая! Што? Так!
Так беларусы даведаліся, што кітайцы таксама гуляюць у футбол. Іх дарослая зборная, дарэчы, змагаецца за выхад на чэмпіянат свету.
Пакуль інфармацыі пра гэтую гульню няшмат. Але што адразу кідаецца ў вочы — гэта па-ўсходняму трапны і хітры ход. Калі адным стрэлам забіваюцца два зайцы.
Першы заяц — гэта Расія, футбольная зборная якой сядзіць у самаізаляцыі. Бо права першай ночы, прабачце, права нанясення першага ўдару па мячы на новым газоне — гэта справа адказная і сімвалічная.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.