"Кіберпартызаны" заклікаюць не карыстацца месенджарам Telega

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Мабільны тэлефон, ілюстрацыйнае фота

Апошнім часам у інтэрнэце актыўна рэкламуецца месенджар Telega, які нібыта дазваляе абысці абмежаванні на званкі ўнутры Telegram у Расіі.

"Кіберпартызаны" заклікаюць не карыстацца гэтай праграмай з некалькіх прычынаў.

Па-першае, там падаецца няправільная інфармацыя пра зыходны код. Распрацоўшчыкі сцвярджаюць, што месенджар мае адкрыты зыходны код, які можа праверыць кожны. Але на запыты адміністрацыя падае толькі зыходны код афіцыйнага Телеграма.

Па-другое, Telega мае сваю сістэму тэлефанаванняў, якую нельга праверыць праз закрытасць зыходнага коду. Распрацоўшчыкі месенджара могуць атрымліваць любую інфармацыю ад тэлефанаванняў без ведама карыстальнікаў.

Па-трэцяе, гэты месенджар зарэгістраваны на кампанію ў РФ — гэта значыць, ён у кожным разе вымушаны падпарадкоўвацца рэжыму Крамля. "Праграма размешчаная ў RuStore, а група пра гэты месенджар атрымала галачку ў сацсетцы ВКонтакте. Гэта наўрад ці было б магчыма, калі б распрацоўшчыкі не працавалі на рэжым Пуціна", — рэзюмуюць "Кіберпартызаны".

Яны заклікаюць не карыстацца месенджарам TELEGA. Для тэлефанаванняў рэкамендуецца карыстацца Telegram або P-Telegram + VPN, а таксама нерасійскімі месенджарамі і сэрвісамі з добрай рэпутацыяй.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.