Як выглядае ўнікальны для Беларусі гібрыдны газон на Нацыянальным стадыёне

З'явіліся кадры вырабу гібрыднага газона на Нацыянальным футбольным стадыёне ў Мінску / spartis.by
Вытворца футбольнага газона для Нацыянальнага стадыёна ў Мінску ТАА “Спартыс” паказаў, як выглядае пакрыццё. Яно ў Беларусі выкарыстоўваецца ўпершыню.
Што такое гібрыдны газон?
Поле абсталявана сістэмай умацавання натуральнага травянога пакрыцця шляхам яго “прашыўкі”. У яго імплантуюць сінтэтычныя валокны для ўмацавання асновы газона.
Гэта значна зніжае траўманебяспеку і павялічвае зносаўстойлівасць натуральнага пакрыцця. Такія апошнія патрабаванні УЕФА для правядзення матчаў сусветнага ўзроўню.

Поле таксама абсталявана сучаснай сістэмай дрэнажу, што дазволіць эфектыўна адводзіць дажджавыя воды. Таксама ўкаранёна інвертарная сістэма аэрацыі футбольнага поля для максімальна хуткай сушкі натуральнага газона.
Падобных сістэм на беларускіх футбольных палях больш няма ні ў адным горадзе краіны.

Гэта ўсё добра і крута, а хто будзе гуляць на Нацыянальным стадыёне?
З-за саўдзелу ў вайне ва Украіне Беларусь трапіла пад санкцыі УЕФА. Зборная Беларусі і беларускія клубы па-ранейшаму могуць гуляць у турнірах УЕФА, але беларускім камандам забаранілі праводзіць любыя міжнародныя матчы на сваёй тэрыторыі.
У цяперашняй сітуацыі на новым стадыёне зборная Беларусі па футболе не можа праводзіць афіцыйныя гульні. Тэарэтычна, на стадыёне могуць праходзіць матчы Кубка Беларусі, чэмпіянату ў Вышэйшай лізе, матч за Суперкубак або таварыскія матчы з клубамі Расіі.
Калі стадыён здадуць у эксплуатацыю?
Арену, якую будуюць з дапамогай кітайцаў, планавалі здаць да 31 снежня 2024 года. У мінулым годзе ў кастрычніку на ёй нават выпрабоўвалі падсветку.
Зараз тэрміны здачы перанеслі, але канкрэтную дату не называюць. Праўда, з дакумента вынікае, што інфраструктура вакол стадыёна, якую робяць за кошт беларускай боку, павінна быць гатова да 1 кастрычніка 2025 года.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.