Двух пацярпелых ад выбуху на "Беларуськаліі" перавялі з рэанімацыі
У БХМД / прэс-служба Мінздароўя
Двух пацыентаў, якія пацярпелі падчас выбуху на "Беларуськаліі" ў Салігорску, перавялі з рэанімацыйнага ў апёкавае аддзялення бальніцы хуткай меддапамогі Мінска. Пра гэта паведамляе прэс-служба Мінздароўя.
Выбух на прадпрыемстве адбыўся 31 кастрычніка. Разарвалася пустая ёмістасць з-пад салянай кіслаты. Пры выбуху была пашкоджаная суседняя ёмістасць з кіслатой. Чатыры работнікі атрымалі траўмы і хімічныя апёкі і былі шпіталізаваныя ў Рэспубліканскі апёкавы цэнтр БХМД.
На цяперашні час аднаго пацыента ўжо выпісалі на амбулаторнае лячэнне, яшчэ адзін застаецца на лячэнні ў рэанімацыйным аддзяленні на ШВЛ.
У лякарні пастаянна праводзяцца кансіліумы, на якіх спецыялісты карэктуюць тактыку лячэння. Удзел у іх прымаюць спецыялісты Мінздароўя, камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама, супрацоўнікі кафедраў ды іншыя спецыялісты.