Дыверсію на чыгунцы ў польшчы арганізавалі двое грамадзян Украіны — Туск
Дональд Туск на месцы дыверсіі / PAP
Польскія ўлады выявілі людзей, якія арганізавалі выбух на чыгунцы Варшава — Люблін. Гэта двое грамадзян Украіны, якія доўгі час працавалі з расійскімі спецслужбамі, паведаміў журналістам Дональд Туск.
Прэм'ер-міністр Польшчы падкрэсліў, што асобы зламыснікаў выяўленыя, але ён не можа іх назваць, каб не перашкодзіць дзейнасці спецслужбаў. Тым не менш ён паведаміў, што адзін з іх быў асуджаны ў Львове за акты дыверсіі, а другі — жыхар Данбасу, перадае rmf24.pl.
Мужчыны жылі ў Беларусі, пераправіліся ў Польшчу праз памежны пераход Брэст — Тэрэспаль сёлета ўвосень. Пасля дыверсіі яны зноў пакінулі Польшчу праз той самы памежны пераход. Гэта адбылося, калі іх асобы яшчэ не былі выяўленыя.
Польскія спецслужбы ўпэўненыя, што спроба падарваць рэйкі каля Мікі і парушэнне чыгуначнай інфраструктуры пад Пулавамі — гэта два акты дыверсіі, якія мусілі прывесці да катастрофы ў чыгуначным руху, дадаў Туск.